Прэм'ер-міністр Грэцыі Алексіс Цыпрас абвясціў у пятніцу ўвечары рэферэндум адносна прапаноў міжнародных крэдытораў. Пра гэта ён заявіў у тэлевізійным звароце уначы з пятніцы на суботу, перадае Bloomberg.
Па словах Цыпраса, гэтыя патрабаванні зневажаюць грэцкі народ, які павінен «даць свой дэмакратычны адказ».
Галасаванне адбудзецца амаль імгненна, 5 ліпеня.
Як адзначыў Цыпрас, канцлерка Нямеччыны Ангела Меркель і кіраўнік Еўрапейскага Цэнтрабанка Марыё Драгі знаёмыя з яго планам правесці рэферэндум.
Цыпрас таксама абвясціў, што ён будзе прасіць аб падаўжэнні наяўнай праграмы дапамогі, якая завяршаецца 30 чэрвеня, на некалькі дзён з тым, каб правесці галасаванне.
Раней СМІ паведамілі, што міжнародныя крэдыторы гатовыя дапамагчы Грэцыі пагасіць даўгі, працягнуўшы праграму дапамогі яшчэ на 5 месяцаў — пры ўмове, што Грэцыя будзе працягваць праграму строгай эканоміі.
Аднак грэчаскі ўрад хоча атрымаць грошы без радыкальнага скарачэння выдаткаў.
Апошнія сустрэчы міністраў фінансаў еўразоны і кіраўнікоў краін ЕС з кіраўніцтвам Грэцыі не далі яснага выніку.
Рашэнне Цыпраса было нечаканым. У выпадку галасавання грэкаў супраць працягу праграмы дапамогі плебісцыт 5 ліпеня можа стаць тым, чым для Беларусі быў рэферэндум мая 1995 года. Ён можа стаць адпраўным пунктам для выхаду Грэцыі з еўразоны, а можа быць, нават і Еўрасаюза, і вызначыць курс развіцця краіны на некалькі дзесяцігоддзяў.