У комплексе «Мінск-Мір» плануецца пабудаваць 1,84 млн. кв. м жылля, з якіх 100 тыс. кв. м будзе сядзібнай забудовай, паведаміў архітэктар УП «Мінскграда» Міхаіл Друшчыц 26 чэрвеня на прэзентацыі зменаў у праект дэталёвага планавання тэрыторыі ў межах вуліца Аэрадромная — паласа адводу чыгункі — 3-е гарадское кальцо — вуліцы Кіжаватава — вуліца Брылеўская.

Агульная тэрыторыя, якая праектуецца, займае 339,5 га, яе функцыянальнае абгрунтаванне распрацаванае з улікам пажаданняў забудоўшчыка комплексу «Мінск-Мір» — кампаніі «Дана Астра».

Дзейны дэталёвы план гэтай тэрыторыі зацверджаны ў красавіку 2014 года для праекта «Мінск-Сіці», аднак ён не быў рэалізаваны.

Як паведаміў Друшчыц, паводле прапановы забудоўшчыка ў праект дэталёвага плана ўключаныя раёны высокакамфортнай сядзібнай забудовы, якая павінна адпавядаць гарадскім стандартам. Мяркуецца, што гэтая забудова будзе функцыянальна звязаная з міжнародным фінансавым цэнтрам, які праектуецца ў межах комплексу. «Адзін з варыянтаў, якія разглядаюцца, — даваць гэтыя дамы як часовае жыллё тым, хто будзе працаваць у фінансавым цэнтры», — зазначыў архітэктар.

Паводле слоў Друшчыца, яшчэ адной умовай інвестара будзе павелічэнне шчыльнасці забудовы комплексу «прыкладна ў паўтара раза».

На прэзентацыі праекта галоўны спецыяліст аддзела эканамічных абгрунтаванняў УП «Мінскграда» Сяргей Кучкоў зазначыў, што запланаваная шчыльнасць забудовы ў комплексе «Мінск-Мір» перавышае існыя нормы, у сувязі з чым архітэктары будуць ініцыяваць іх перагляд для гэтай тэрыторыі. «Рыхтуецца зварот да прэзідэнта аб зацвярджэнні новых норм шчыльнасці для гэтай забудовы», — паведаміў Кучкоў.

Як заявіла дырэктар кампаніі «Дана Астра» Святлана Шчатко, пачаць будаўніцтва на тэрыторыі комплексу «Мінск-Мір» інвестар плануе восенню. «Мы далі слова прэзідэнту, што зойдзем на пляцоўку ўжо ў верасні, у нас ужо практычна гатовы праект забудовы», — сказала яна. Першая чарга будаўніцтва ахопіць тэрыторыю 30 га. Да жылля тут «ёсць жывая цікавасць», дадала прадстаўнік забудоўшчыка.

Грамадскае абмеркаванне горадабудаўнічага праекта ў Адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Мінска працягнецца да 13 ліпеня.

Нагадаем, праект «Мінск-Мір» рэалізуецца на тэрыторыі аэрапорта Мінск-1. Пасля некалькіх няўдалых спробаў прыцягнення замежных інвестыцый у праект «Мінск-Сіці» (інвестдагавор з расійскай кампаніяй «Ітэра» быў скасаваны ў 2012 годзе) да забудовы гэтай тэрыторыі было вырашана прыцягнуць сербскі холдынг «Дана Астра», асноўным уладальнікам якога з'яўляецца Драгамір Карыч. Адпаведны ўказ Аляксандр Лукашэнка падпісаў 22 верасня 2014 года.

Канцэпцыя комплексу «Мінск-Мір» прадугледжвае будаўніцтва міжнароднага фінансавага цэнтра, будынка грамадска-дзелавога прызначэння, жылых дамоў, а таксама інжынернай, транспартнай і сацыяльнай інфраструктуры, у прыватнасці школы і дзіцячага садка. Плануецца таксама будаўніцтва гандлёвага цэнтра плошчай 250 тыс. кв. м. Улады спадзяюцца арганізаваць у комплексе не менш як 27 тыс. новых працоўных месцаў.

22 чэрвеня на сустрэчы з Драгамірам Карычам і яго братам Багалюбам Лукашэнка заявіў, што будаўніцтва шматфункцыянальнага цэнтра «Мінск-Мір» павінна стаць «узорам супрацоўніцтва ўсяго нашага славянскага свету».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?