Міністэрства па падатках і зборах прыме меры па ўзмацненні кантролю за інтэрнет‑гандлем. Пра гэта 20 лютага на прэс‑канферэнцыі ў Мінску заявіў першы намеснік міністра па падатках і зборах Уладзімір Палуян.

Пра што менавіта ідзе гаворка, намеснік кіраўніка падатковага ведамства не ўдакладніў. Паводле яго слоў, праблема гандлю праз інтэрнет заключаецца ў тым, што суб\’екты гаспадарання, асабліва тыя, хто аддае перавагу «шэрым» схемам, «маюць большыя магчымасці для ўхілення ад падаткаабкладання».

У.Палуян зазначыў, што дзяржава ўжо робіць «пэўныя захады» для таго, каб абмежаваць магчымасці ўхілення ад падаткаабкладання пры ажыццяўленні гандлю пры дапамозе інтэрнета. Аднак у МПЗ лічаць меры, што прымаюцца, недастатковымі. «Праблема існуе, і гэтым трэба займацца ў тым ліку падатковым органам», — падкрэсліў першы намеснік міністра.

Як раней паведамляў БелаПАН, пра неабходнасць навядзення парадку ў сферы ўплаты падаткаў пры рэалізацыі тавараў праз інтэрнет заявіў прэм\’ер‑міністр Беларусі Сяргей Сідорскі 1 лютага на пасяджэнні калегіі Міністэрства па падатках і зборах.

Згодна са звесткамі, агучанымі ў кастрычніку 2007 года на канферэнцыі «Дзелавы інтэрнет», колькасць беларускіх сайтаў у інтэрнеце ў 2007 годзе ў параўнанні з 2006 годам узрасла на пяць тысяч і дасягнула 25 тысяч. У мінулым годзе таксама значна ўзрасла колькасць інтэрнет‑крамаў — з 1.870 у 2006 годзе да больш чым трох тысяч у канцы 2007 года.

Разам з тым эксперты канстатуюць адсутнасць у Беларусі інтэрнет‑гандлю ў звыклым яго разуменні, бо няма поўнага цыкла любога гандлю «замова — аплата — дастаўка», усё зводзіцца толькі да замовы тавараў праз інтэрнет.

Аляксей Арэшка, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0