Камуністычная партыя Беларусі традыцыйна падтрымае на прэзідэнцкіх выбарах Аляксандра Лукашэнку.

Такое рашэнне камуністы прынялі 27 чэрвеня на XI пазачарговым з'ездзе ў Мінску. «Камуністычная партыя Беларусі з'яўляецца адной з нямногіх на еўрапейскай палітычнай прасторы, хто падтрымлівае палітычнае кіраўніцтва краіны. Дадзеная падтрымка заснаваная на супадзенні стратэгічных мэтаў і задач нашай партыі і сацыяльна-эканамічнай палітыкі па пабудове сацыяльна арыентаванай дзяржавы для народа», — заявіў, выступаючы на з'ездзе, першы сакратар ЦК КПБ Ігар Карпенка, паведамляе прэс-служба партыі.

Камуністы ўпэўненыя, што перадвыбарная кампанія — прыдатны перыяд паказаць, што Беларусь «без якіх-небудзь энергетычных і прыродных рэсурсаў выглядае значна больш стабільнай ва ўсіх адносінах дзяржавай за некаторыя суседнія дзяржавы, а тым больш Украіну».

КПБ лічыць адзіным прыдатным рашэннем адмову ад вылучэння ўласнага кандыдата і падтрымку дзеючага кіраўніка дзяржавы. Камуністы маюць намер не толькі актыўна ўдзельнічаць ва ўсіх этапах электаральнай кампаніі, збіраць подпісы ў падтрымку Лукашэнкі і назіраць за выбарамі, але і займацца «выкрыццём задум апазіцыі».

«Выбарчы працэс, які мае адбыцца, неабходна выкарыстоўваць для згуртавання і папаўнення штыхоў партыі, для асветы працаўнікоў па ўсіх напрамках палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця на аснове марксісцка-ленінскай метадалогіі, практыкі сацыялістычнага будаўніцтва», — сказаў Карпенка. Пры гэтым ён нагадаў, што, з пункту гледжання камуністаў, «міжнародны капітал мае ў наяўнасці велізарны арсенал ідэалагічных і інфармацыйных сродкаў і спосабаў масіраванага ўздзеяння на грамадскую свядомасць з мэтай палітычнага маніпулявання масамі».

«З улікам наяўнага становішча наша партыя павінна разгарнуць сістэму контрпрапагандысцкіх мерапрыемстваў у дачыненні да «апазіцыйных кандыдатаў», іх агітатараў і давераных асоб на ўсіх этапах выбарчай кампаніі.

Беларускія выбаршчыкі павінны добра ведаць, куды клічуць народ палітычныя дыназаўры, выхаваныя Дзярждэпам ЗША яшчэ з часоў гарбачоўскай перабудовы», — заявіў галоўны камуніст краіны, які з'яўляецца намеснікам старшыні Мінгарвыканкама.

«Варта сістэмна і папулярна даносіць да грамадзян сапраўдныя мэты, якія пераследуе «пятая калона» ў адпаведнасці з планамі ЦРУ па ператварэнні Беларусі ў Самалі, Лівію, Ірак, Афганістан або Украіну», — лічыць Карпенка.

Паводле яго, камуністы маюць намер «мабілізаваць усе існуючыя рэсурсы і не дапусціць спроб правядзення дэструктыўнымі сіламі апазіцыі не санкцыянаваных ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі пікетаў, сходаў, мітынгаў, шэсцяў і іншых мерапрыемстваў пасля закрыцця выбарчых участкаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?