У царкоўным шапіку ў праваслаўным кафедральным Свята-Пакроўскім саборы Гродна ў продажы з’явіўся «Малітваслоў праваслаўнага воіна» кішэннага фармата, на вокладцы якога выяўленыя трыкалор і герб Расіі, а змешчаныя ў малітоўніку тэксты ўтрымліваюць шматлікія заклікі бараніць са зброяй у руках межы і тэрыторыі Расійскай дзяржавы.

Продаж выдання выклікаў абурэнне людзей і СМІ, якія лічаць недапушчальным яго распаўсюд у беларускіх храмах, паколькі Беларусь не з’яўляецца часткай Расіі, да таго ж «Малітоўнік» выдадзены ў 2014 годзе, калі на ўсходзе Украіны ўжо вяліся баявыя дзеянні паміж украінскімі і расійскімі вайсковымі адзінкамі, а ў Расіі стартавала шавіністычная прапагандысцкая кампанія, паведамляе belsat.eu.

Каментуючы здарэнне, настаяцель праваслаўнай Барысаглебскай (Каложскай) царквы ў Гродна а. Георгій Рой звяртае ўвагу на асцярожнасць, з якой Праваслаўная Царква павінна падыходзіць да атрыбутыкі, якая, на тле канфлікту ва Украіне,успрымаецца двухсэнсоўна. «З прычыны вядомых мінулагодніх падзеяў дзяржаўная сімволіка Расіі і Украіны стала вельмі палітызаванай, — кажа святар. — Яе неабдуманае выкарыстанне ў Беларусі часам можа быць правакацыйным. Таму, канечне, супрацоўнікі царкоўнай крамы павінны былі б прадугледзець гэта і пазбегнуць выстаўлення ў продаж малітвасловаў з такім дызайнерскім аздабленнем. Увогуле лічу, што афармленне малітваслова, нават калі ён «воінскі», павінна быць выключна з выкарыстаннем хрысціянскай сімволікі».

Адначасова а. Георгій раіць звярнуць увагу на той факт, што тэксты малітваслова складаліся ў XVIII—XIX стагоддзях, падчас існавання Расейскай імперыі. «Акрамя гэтага, мы, праваслаўныя беларусы, — дадае святар, — сваю беларускую зямлю таксама лічым Рускай зямлёй. Але не ў сэнсе яе належнасці да сучаснай Расейскай Федэрацыі, а ў сэнсе гістарычным. Дастаткова зазірнуць у беларускія гістарычныя акты XVI—XVIII стагоддзяў, і мы ўбачым, што выбітныя постаці нашай культуры і гісторыі гавораць пра сябе як пра «народ рускі», але гэта не азначала, што яны атаясамліваюць сябе з Маскоўскім княствам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?