Самым праглядальным кліпам сярод відэа беларускіх артыстаў на Youtube стаў «Улыбайся» магілёўска-пецярбургскага гурту IOWA. Па звестках Afisha.tut.by, у топ-5 беларускіх кліпаў таксама трапіў яшчэ адзін кліп IOWA, два відэа Макса Каржа і фан-відэа на песню «Ляпісаў».

Кліп «Улыбайся» выйшаў у жніўні 2012 года, песня прагучала ў шэрагу расійскіх серыялаў і стала адной з самых запатрабаваных на музычным сэрвісе iTunes сярод артыстаў з СНД.

На другім месцы па праглядах — «В темноте» Макса Каржа з 8,4 млн праглядаў. На трэцім — «Маршрутка» IOWA (7,9 млн), на чацвёртым — неафіцыйнае відэа на «Воіны света» гурту «Ляпіс Трубяцкі» (7,6 млн), на пятым — «Мотылёк» Макса Каржа (7,3 млн).

Беларускамоўныя песні «Ляпісаў» уваходзяць у дзясятку іх самых праглядальных відэа. За «Воінамі света» па папулярнасці ідуць «Железный», дзве версіі «Я верю», аматарская нарэзка на песню «Шут» з кадрамі выступаў Януковіча. На шостым месцы афіцыйны кліп на беларускамоўную «Не быць скотам» (2 млн праглядаў), на сёмым — аматарская нарэзка на «Грай» (1,7 млн).

Самым папулярным відэа па запыце «Belarus» застаецца запіс «Blues from old woman», на якім бабуля з Гомеля грае блюз незвычайнай тэхнікай. Самым праглядальным каналам з Беларусі застаецца канал юнага блогера Дзімы Ярмузевіча.

***

Гурт IOWA створаны ў Магілёве ў 2009 годзе. У 2010-м каманда перабралася ў Санкт-Пецярбург, дзе працуе і сёння. Грае рускамоўны поп-рок з элементамі фанку. У 2012 годзе атрымала Нацыянальную музычную прэмію Рэспублікі Беларусь як «Адкрыццё года», у 2015-м на прэміі «Ліра» — прыз «За папулярызацыю беларускай музыкі за мяжой».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?