Беларускія ўлады разлічваюць на зніжэнне інфляцыі да адназначных лічбаў у наступнай пяцігодцы. Паводле звестак БелаПАН, такі сцэнарый развіцця падзей прадугледжвае прагноз на 2016—2020 гады, які цяпер рыхтуюць эканамічныя ўлады. 

Паводле разлікаў улад, у 2016-м інфляцыя знізіцца да 12%, у 2017-м — да 9%, у 2018-м — да 7%, у 2019-м — да 6% і ў 2020-м — да 5%. 

Дамагчыся зніжэння інфляцыі ўлады маюць намер за кошт кіравання грашовай масай. Прагнозныя параметры на 2016—2020 гады, якія распрацоўваюць сёння беларускія ўлады, прадугледжваюць, што рост грашовай масы будзе адпавядаць задачы па зніжэнні інфляцыі. 

Варта зазначыць, што з пачатку 2015 года Нацбанк Беларусі ўжо перайшоў з мэтай зніжэння інфляцыі на рэжым манетарнага таргетавання, які прадугледжвае абмежаванне росту грашовай масы. 

Паводле прагнозаў Нацбанка, рэжым манетарнага таргетавання дазволіць сёлета ўтрымаць інфляцыю ў планаваным дыяпазоне (16—20%). За студзень—май інфляцыя ў краіне склала 6,5%. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?