Нашыя ўяўленні пра Албанію, яшчэ з савецкіх часоў, – няўцямныя і поўныя штампаў.

Маўляў — паўдзікая мурзатая краіна, што будавала карыкатурны сацыялізм на чале з дыктатарам Ходжам, які рассварыўшыся быў з цэлым светам. За апошнія чвэрць стагоддзя там было ўжо перагорнута багата старонак іншае гісторыі, змянілася амаль усё, што магло змяніцца. Хоць і да сёння ў Албаніі няпростая мінуўшчына вызначае вельмі шмат.

Тырана.

Тырана.

Тэрыторыя. У мініяцюрнай Албаніі, што ўдвая меншая за Літву, як і ў суседніх з ёю краінах, з’яўляецца яснае ўсведамленне таго, што Беларусь – вялікая краіна!

Большасць беларусаў ніколі не бывала, апроч Мінска, у іншых рэгіёнах сваёй краіны, не кажучы ўжо пра ўсе 118 раёнаў! Албанцы могуць праехаць усю сваю краіну за 5 гадзін, але пры тым перасякаючы розныя кліматычныя зоны — ад прыморскіх гарачых субтропікаў ад заснежаных гор. Там збіраюць па чатыры ўраджаі гародніны ў год і па два — збажыны.

Захад і Усход. Нягледзячы на тое, што Албанія нашмат заходней Беларусі, на тое, што падзеі антычнае цывілізацыі разгортваліся проста на іх зямлі, Грэцыя — за гарою, а Італія – на даляглядзе, наша краіна куды бліжэйшая да заходняга свету. Спадчына рэнесансу, барока й Асветніцтва, што да сёння фармуюць цэнтры нашых гарадоў і школьных падручнікаў — нязнаныя на Балканах.

Крывавыя войны візантыйцаў і асманаў пусцілі на глум усю тамтэйшую антычную цывілізаванасць ды адрэзалі албанацаў ад свету куды раней, чым з’явіліся ідэі сацыялізму. Дэспатыі тут змянялі адна адну бесперапынна, таму тамтэйшыя музеі поўныя зброі ўсіх часоў, а нашыя — пастаральных карцінак «залатых вякоў» ды партрэтаў паэтаў. Седзячы за кубкам турэцкае кавы ў Тыране, абсурдна задавацца пытаннем, ці Беларусь Еўропа?

Чаканні. Тады, як беларусы безаглядна, па-дзіцячаму, вераць у тое, што ім абавязкова нехта прынясе падарункі — нафту, газ, крэдыты, — албанцы нічога ні ад кога не чакаюць.

Ніякіх цудаў. Ніякіх бонусаў. Яны цяжка і шмат працуюць, а калі не даюць рады — выпраўляюцца па працу ў свет. Албанцы не спадзяваліся, што іх хутка прымуць у Еўрасаюз, але шмат робяць дзеля таго, каб гэта стала рэальнасцю: у іх ужо шосты, цалкам дэмакратычна абраны прэзідэнт, шматпартыйны парламент, адкрытыя межы, вольны гандаль, імкліва змяняецца інфраструктура, прыходзяць спакваля інвестыцыі. Было дзівам дазнацца, што там вырабляецца ладная частка прадукцыі слынных нямецкіх, аўстрыйскіх, італьянскіх кампаній, напрыклад — Salamander, Rauch, славутых венецыянскіх масак і веераў.

Урокі гісторыі. Тады, як большасць беларусаў не помніць не толькі школьную праграму па гісторыі Беларусі, але й нават тое, што было пазалетась, для албанцаў дзень сённяшні неадрыўна знітаваны з гісторыяй.

Тыя, з кім давялося кантактаваць, ставяцца да часоў пратэктарату Мусаліні як да горкай, але непазбежнай на свой лад акалічнасці, падобна да таго, як мы згадваем Заходнюю Беларусь, ганарацца поўным адзінствам народа ў змаганні з гітлераўскімі акупантамі, але ненавідзяць эпоху свайго сацыялізму, што прынесла незлічоныя ахвяры, глум з тысячагадовых традыцый і надарвала гаспадарку краіны, дзе здабывалася і выраблялася цалкам амаль усё, усё сваё. Але албанцы мудра падзялілі ў сваёй свядомасці злачынствы і подзвігі камуністаў, паэтапна не толькі ў гісторыі, але і ў біяграфіях людзей. Вось у гэтай зале Энвэр Ходжа — герой-антыфашыст. А ў наступнай — узурпатар-сатрап. У Албаніі шчыра шануюць герояў-партызанаў і памяць пра савецкіх салдатаў, чые магілы і помнікі даглядаюцца паўсюдна ва ўзорным стане. Зрэшты, як і ўсе там магілы…

Бэса. Падчас нямецкай акупацыі 1943—1944 год, албанцы не выдалі ні адну габрэйскую сям'ю! Албанцы, рызыкуючы сваім жыццём, далі прытулак габрэям ў вёсках, у гарах і лясах. Гэта ўнікальная іх свядомасць угрунтаваная на кодэксе гонару й гасціннасці албанцаў — Бэса.

Нягледзячы на розныя рэлігіі, мусульмане і хрысціяне рызыкавалі жыццём падчас вайны, каб абараніць і захаваць мясцовых габрэяў ды сотні ўцекачоў з іншых краін. Закон гор — браць усю адказнасць за сваіх гасцей. Але, паводле таго ж кодэксу — да сёння ў горных аддаленых паселішчах ёсць кроўная помста, пра што зрэдчас паведамляюць крымінальныя хронікі. Цікава, што многія албанцы пакідаюць краіну не з пагрозы быць забітымі, а з-за нежадання забіваць, помсцячы за старыя крыўды…

Рэлігія. Абсалютная большасць албанцаў ужо даўно жыве па-за рэлігіяй. Пры сацыялізме ў Албаніі былі зачыненыя ўсе храмы, а ўсе святары і манахі — пазабіваныя… Ацалелі там лічаныя святыні.

Святароў спачатку забівалі проста, а закон смяротную кару зрабіў нормаю. Пад 1970-я святароў ужо там не было… Таму сёння там большыя праблемы, чым у нас, з адраджэннем рэлігіі, бо албанскіх «кадраў» бракуе люта, а з-за мяжы каб прыехаць, то трэба вывучыць няпростую албанскую мову… Так, там цяпер вялікі культ маці Тэрэзы! Але, агулам, сітуацыя вельмі падобная да Усходняй Беларусі. Хіба што тую ролю, што ў нас выконвае праваслаўе, там узяў на сябе іслам.

Пахадзіўшы па мячэцях, пераканаўся — веруючых зусім мала, і гэта кантрастуе з размахам мячэцяў-навабудаў, што былі пастаўленыя за замежныя грошы… Выглядае, назад гісторыю ўжо не павернеш… Сітуацыя ў Тыране — адзін у адзін, як, напрыклад, дзе ў Віцебску! Пры канцы эпохі сацыялізму там заставалася толькі адна гістарычная мячэць, як помнік культуры — філіял музея. А краіна сёння секулярызаваная дазвання, а абсалютная большасць албанцаў — няверуючыя. Два пакаленні выраслі пры ваяўнічым атэізме, змяшаліся сем'і з розных грамад, сваіх святароў да сёння — адзінкі… Сярод веруючых, якія складаюць блізу 10% насельніцтва — палова мусульман і бэкташаў, палова — хрысціяне.

На поўначы, сярод хрысціян, крыху больш каталікоў, на Поўдні — праваслаўных (албанцаў, грэкаў, арамунаў)…

Але ў цэлым рэлігія ўжо мала што тут вызначае, у адрозненне ад старажытных народных традыцый. Албанія, па ранейшаму — вельмі адметная самабытная краіна, дзе змяшалася у невераемным міксе уся гісторыя усходняе Еўропы.

Царква Святога Марціна.

Царква Святога Марціна.

А насамрэч, па вялікім рахунку, нашыя адрозненні куды меншыя, чым магло здавацца здалёк. Нешта тут лепш, чым у нас, нешта — горш. Але цывілізацыйнага шоку няма. Дарогі, стан гарадоў, узровень спажывання – супастаўныя з нашымі. Тырана — вельмі чысты, напоўнены вірлівым людскім жыццём горад.

Нечым падобны да малых гарадоў Іспаніі, нечым — да Менска, да Кішынёва, да Тбілісі… Але, агулам, непадобны ні на што… Італьянская архітэктура 1930-х перацякае ў савецкі паваенны кшталт, невялікая рэшта асманскае спадчыны і сацыялістычны хлуд, навабуды апошняга дзесяцігоддзя, а разам — цалкам сучасная, дынамічная сталіца адной з краін Усходняе Еўропы. Пры тым — гэта неймаверны зялёны горад! Хіба што клімат і ландшафты тут для нас незвычайныя. І мініяцюрны маштаб.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?