Фота: hirhatar.com

Фота: hirhatar.com

Еўрапейскі саюз пасля 18 месяцаў абмеркавання дамовіўся аб скасаванні платы за роўмінг з 15 чэрвеня 2017 года і ўпершыню падрабязна апісаў правілы абароны інтэрнэту і інтэрнаўтаў, а таксама сеткавай нейтральнасці.

Праз два гады пры тэлефанаваннях ці інтэрнэт-сеансах чалавек будзе плаціць па ўсёй Еўропе столькі ж, колькі дома.

Цэны на роўмінг спадуць ужо праз год.

Правілы бароняць ад «перманентнага роўмінгу»: калі чалавек купляе сім-картку на чужыне (дзе таней) для карыстання дома, ён з цягам часу дасягне ліміту выкарыстання і будзе плаціць дадатковы ўнёсак. Такім чынам мясцовыя аператары не стануць больш ці менш выгаднымі за замежных.

Падвышэння «хатніх» цэн аператараў у Еўропе не баяцца: сцвярджаецца, што калі людзі будуць пазбаўленыя пераплат у роўмінгу, яны стануць часцей карыстацца тэлефонамі за мяжой і скампенсуюць такім чынам страты аператараў.

Таксама Еўропа абароніць інтэрнэт: новы закон забараняе па ўсім Еўрасаюзе беспрычыннае блакаванне сайтаў, праграм і сэрвісаў (акрамя тых, што парушаюць закон) ды гарантуе раўнапраўнасць любога трафіку.

Апошняе значыць, што, напрыклад, трафік з Facebook не будзе мець прыярытэт перад трафікам з сайта беластоцкага «Радыё Рацыя» толькі таму, што «Фэйсбукам» карыстаецца больш чалавек. Адпаведна, «Радыё Рацыя» павінна грузіцца так жа хутка, як Facebook, а аператарам забаронена браць дадатковую плату за тое, каб «Радыё Рацыя» грузілася хутчэй за Facebook.

Гэта таксама значыць, што еўрапейскія аператары пазбаўляюцца права браць дадатковую плату за асобныя віды «агульнага» трафіку — напрыклад, за мэсэнджары кшталту Skype ці Viber, як тое збіраюцца зрабіць у Беларусі.

Закон тым часам дазваляе ўзводзіць «па-над інтэрнэтам» высакахуткасныя сэрвісы кшталту IPTV ці тэлехірургіі (калі лекар не прысутнічае на аперацыі фізічна, а кантралюе дзеянні людзей ці робатаў праз сеціва), калі яны не шкодзяць агульнай хуткасці доступу ў інтэрнэт. Таксама не забараняецца прадстаўленне бясплатнага (але не прыярытэтнага па хуткасці) доступу да сэрвісаў па жаданні аператара.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?