Міністэрства інфармацыі Беларусі нацэльвае ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсу на адказныя паводзіны ў інфармацыйнай прасторы і ўважліва разглядае кожны зварот грамадзян з нагоды працы СМІ, заявіла журналістам 30 чэрвеня кіраўнік гэтага ведамства Лілія Ананіч.

«Мы скіраваныя на тое, каб кожны ўладальнік інтэрнэт-рэсурсу, у першую чаргу, самастойна прымаў рашэнне пра свае адказныя паводзіны ў інфармацыйнай прасторы, — сказала Ананіч. — Міністэрства інфармацыі ў межах сваёй кампетэнцыі ўшчыльную займаецца аналізам дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі на прадмет выканання заканадаўства ў СМІ». 

Паводле слоў міністра інфармацыі, інфармацыйная прастора Беларусі, у тым ліку інтэрнэт-рэсурсы, актыўна развіваецца. «Мы сёння — адкрытая інфармацыйная прастора. Нам сёння даступны інфармацыйна ўвесь свет. І, вядома, патрабаванні закона аб СМІ павінны няўхільна выконвацца», — падкрэсліла Ананіч. 

Яна паведаміла, што з пачатку года Мінінфарм прыняў рашэнне пра абмежаванне доступу да 26 інтэрнэт-рэсурсаў. «Сярод гэтых 26 рэсурсаў апошняе рашэнне, якое было прынята, — гэта пяць інтэрнэт-рэсурсаў, якія выкарыстоўвалі гэтыя пляцоўкі для нядобрасумленнай рэкламы лекавых сродкаў, — адзначыла кіраўнік Мінінфарма. — Хачу сказаць, што гэта не толькі парушэнне закона аб СМІ, гэта і іншая супрацьпраўная дзейнасць. Думаю, што ўладальнікі гэтых інтэрнэт-рэсурсаў знаходзяцца за межамі нашай краіны, сваімі некарэктнымі паводзінамі ў частцы выканання заканадаўства добра разумеюць, што доступ да гэтых інтэрнэт-рэсурсаў не можа быць адноўлены, таму да нас не звяртаюцца». 

Ананіч таксама паведаміла, што адноўлены доступ да двух рэсурсаў — гэта hata.by і kyky.org. «У адпаведнасці з заканадаўствам аб СМІ ўладальнікамі распачатыя вычарпальныя меры па зняцці той інфармацыйнай прадукцыі, якая супярэчыла заканадаўству аб СМІ», — заявіла яна, адказваючы на пытанне БелаПАН. 

На просьбу пракаментаваць абмежаванне доступу да папулярнага сайта kyky.org, у тым ліку з-за апублікаванага меркавання калумніста пра свята 9 Мая, Ананіч адказала: «Думаю, што пра гэта дастаткова было сказана ў прэс-рэлізе Мінінфарма, указана, за якую інфармацыю, якія артыкулы, якія тэмы. Для кожнага беларуса тэма Вялікай Перамогі і гістарычнай праўды павінна быць святой. Там, дзе свята, не павінна быць месца для інсінуацый і абразлівых выказванняў у адрас каго б там ні было».

Ананіч таксама падкрэсліла, што Мінінфарм уважліва разглядае кожны зварот грамадзян з нагоды працы беларускіх СМІ. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?