У адрозненне ад большасці калег, міністр працы і сацыяльнай абароны не хаваецца ад грамадскасці і гатовая абгрунтоўваць пазіцыю. Праўда, пра сваё мінулае Марыяна Шчоткіна расказваць не любіць. «Наша Ніва» паспрабавала аднавіць яе біяграфію.

Мёртвы востраў

Будучы міністр нарадзілася на востраве Кільдын каля Мурманска. Гэта крайняя поўнач, Запаляр’е. Людзі на Кільдыне з’явіліся толькі ў XIX ст. Гэта былі нарвежскія каланісты.

Пасля прыходу бальшавікоў мясцовых жыхароў знішчылі. На Кільдыне арганізавалі канцлагер. Востраў стаў закрытым вайсковым аб’ектам. На ім размясцілі памежнікаў, артылерыстаў і ракетчыкаў. Крама, школа, пякарня ды лазня — вось і ўся сацыяльная сфера.

Але шукаць сваякоў чыноўніцы на Кільдыне няварта. Пасля развалу СССР востраў закінулі.

«Разруха паўсюль. Прычал зламаны, на беразе няма ніводнага цэлага будынка. Звалка хімікатаў, побач іржавее кінутая тэхніка», — апісваюць свае ўражанні наведвальнікі Кільдына.

Паводле апошняга перапісу насельніцтва, на востраве жыло 10 чалавек, вайскоўцы. Цяпер нібыта з’ехалі і яны.

Паўночная праца

Вышэйшую адукацыю Марыяна атрымала ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце. Яе спецыяльнасцю стала фізіка.

Пасля вучобы Шчоткіна трапіла ў Акустычны інстытут імя акадэміка Андрэева. Навуковая арганізацыя базавалася ў Маскве, але мела Паўночны філіял у Севераморску, дзе даследавалі распаўсюд гуку ў акіянскіх водах. Шчоткіна чатыры гады адрабіла ў гэтай сакрэтнай установе інжынерам.

У Севераморску базаваўся Паўночны флот СССР, таму горад быў закрытым для выпадковых наведнікаў.

Пераезд на радзіму мужа

Падчас падрыхтоўкі гэтага артыкула давялося пагутарыць з дзясяткам знаёмых Шчоткінай, пераважна яе былых калег. Аднак ніхто з іх не ведаў, чаму ў 1986 годзе чыноўніца пераехала ў Беларусь. Не ўзгадвала ў інтэрв’ю і сама чыноўніца.

Адна з суразмоўцаў выказала здагадку, што Шчоткіна сустрэла ў Севераморску мужа з Беларусі і перабралася ў Мінск разам з ім. Тым больш у гэтыя гады ў сям’і якраз нарадзіўся сын.

«Марыяна Акіндынаўна расказвала, што заўсёды віншавала свёкра з Днём Перамогі, ён быў партызанам», — узгадваюць калегі.

Любіміца вучняў

У 1990-м у новым сталічным мікрараёне, у Кунцаўшчыне, адкрылася школа №198. Яе дырэктарка, настаўніца беларускай мова і літаратуры Людміла Аляксеева, на наступны год дабілася для школы статуса гімназіі. Гэта была адна з некалькіх навучальных установаў новага тыпу ў краіне.

На хвалі адраджэння школа адразу стала беларускамоўнай. Праўда, для «тэхнічных» прадметаў было зроблена выключэнне — фізіка, хімія, матэматыка, біялогія спачатку выкладаліся па-руску.

Марыяна Шчоткіна працавала ў школе №198 (цяпер гэта гімназія №4) з першага дня і выкладала якраз-такі фізіку. Вучні былі ў захапленні ад маладой настаўніцы.

А сама Шчоткіна любіла грамадскую дзейнасць, узначаліла прафкам. Дзякуючы яе арганізатарскім здольнасцям школьная каманда Клуба вясёлых і кемлівых стала пераможцай на гарадскіх спаборніцтвах. Настаўніца сама распрацоўвала сцэнары і прыдумляла жарты.

У першых шэрагах Шчоткіна была і падчас спартыўных спаборніцтваў.

Гэтае ўменне спатрэбілася ёй і на міністэрскай пасадзе. Чыноўніца была адзінай з жанчын, хто нароўні з мужчынамі ўдзельнічаў у «Мінскіх лыжнях». У 2013-м, калі яна стала шаснаццатай з 40 удзельнікаў, яе нават уганаравалі прызам «За волю да перамогі».

Марыяна Шчоткіна бяжыць пад нумарам 39.

Марыяна Шчоткіна бяжыць пад нумарам 39.

Шлях да дырэктара

…Неўзабаве энергічная настаўніца змяніла месца працы. У 1994 годзе яна перайшла ў школу №159 у суседнім мікрараёне. «Яна была кумірам моладзі. Яе ўжо ў школе не было, а дзеці толькі пра яе і гаварылі: наша Шчоткіна, наша Шчоткіна», — узгадвае вучаніца.

Дырэктарам школы №159 была Таццяна Сычова, якая славілася ўменнем знаходзіць дадатковыя рэсурсы. Напрыклад, навучальная ўстанова першай у раёне адкрыла камп’ютарны клас і псіхалагічную службу. Дапамог у тым, дарэчы, Фонд Сораса.

Пераход у чыноўніцы

Час кіраваць надышоў для Шчоткінай у 1999 годзе, калі яна стала дырэктарам. Пры новым начальніку ў школе з’явіліся ліцэйскія фізіка-матэматычныя класы, аднак паўнавартасна разгарнуцца не паспела. Ужо ўвосень 2001 яе перавялі на чыноўніцкую пасаду.

Шчоткіна ўзначаліла ўпраўленне адукацыі Фрунзенскага раёна, а праз два гады зрабіла яшчэ адзін скачок наверх. Чыноўніца стала намесніцай старшыні Ленінскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях.

Яе кіраўніком тады быў Пятро Грушнік. Цяпер Грушнік — першы намеснік Шчоткінай.

Змагарка з дармаедамі

Новага павышэння чыноўніца зноў чакала ўсяго два гады. З 2005 года яна — старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама. У 2007-м Шчоткіна стала намесніцай у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, а ў 2009 — непасрэдна міністрам.

Гэта пры яе падтрымцы з савецкіх архіваў дасталі «закон аб дармаедах», афіцыйна — дэкрэт «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Шчоткіна даводзіла справядлівасць новаўвядзення: «Ніхто з голаду не памрэ. Калі ў чалавека ляжаць мільёны ў касе, і ён на іх жыве, яму будзе нескладана заплаціць 3,6 мільёна рублёў. Ён карыстаецца ўсімі выгодамі дзяржавы… Калі муж добра зарабляе і можа сабе дазволіць, каб жонка не працавала, і яны прынялі такое рашэнне, то 20 базавых — невялікая сума, яе можна і аплаціць».

Шчоткіна шчырая і з пенсіянерамі. «Не трэба скардзіцца на нізкія пенсіі, — папярэджвала яна. — Перш за ўсё, трэба выхоўваць сваіх дзяцей, якія будуць вам потым дапамагаць. Гэта раз. [А] дзяржава падтрымае [толькі] ў меру магчымасцяў», — папярэджвала чыноўніца.

Не спяшаецца дзяржава і на дапамогу беспрацоўным. Калі ты без работы і без стажу, ты можаш разлічваць на дапамогу памерам 150 тысяч за месяц. Гэта падыход, каб людзі не заседжваліся на дапамогах ад дзяржавы.

Заявы Марыяны Шчоткінай на кіруючай пасадзе адпавядаюць правілам жорсткага капіталізму. Ідзіце і зарабляйце, вось вам і праца, і сацыяльная абарона.

* * *

Міністр Шчоткіна сканчае будаўніцтва катэджа ў Драздах ФОТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?