Амэрыканскія вайскоўцы зьбілі запушчанай з вайсковага карабля ракетай спадарожнік‑шпіён, які выйшаў з‑пад кантролю, паведаміла вайсковае кіраўніцтва. Аднак пакуль незразумела, наколькі пасьпяховай была праведзеная апэрацыя.

Гэты крок быў зроблены, нягледзячы на засьцярогі, што дрэннае надвор’е можа пашкодзіць правядзеньню апэрацыі.

У вайскоўцаў было ўсяго 10 сэкундаў на тое, каб пастарацца зьбіць спадарожнік, які ляцеў на вышыні 210 кілямэтраў над Ціхім акіянам.

Спадарожнік пад назвай USA 193 страціў сувязь зь Зямлёй і выйшаў з‑пад кантролю усяго празь некалькі гадзін пасьля запуску ў 2006 годзе.

Памерам ён зь невялічкі аўтобус, важыць каля дзевяці тонаў.

У студзені Пэнтагон паведаміў, што сыстэма энэргазабесьпячэньня спадарожніка сапсавалася, а сам ён утрымлівае небясьпечнае рэчыва.

Задачай вайскоўцаў было максымальна пашкодзіць паліўны бак, каб як мага большы аб’ём таксычнага ракетнага паліва гідразін распыліўся да ўваходу спадарожніка ў верхнія слаі атмасфэры і падзеньня на Зямлю.

Паводле слоў прадстаўнікоў амэрыканскіх уладаў, гідразін можа нанесьці сур’ёзную шкоду здароўю ці нават прывесьці да сьмерці, калі яго ўдыхне чалавек.

Пакуль незразумела, ці пацэліла ракета ў паліўны бак, які зьмяшчае 450 кіляграмаў гідразіну.

Чакаецца, што больш за палову абломкаў спадарожніка ўпадуць на Зямлю цягам 15 гадзін пасьля патрапленьня ракеты — гэта значыць за два абароты вакол Зямлі.

«Русская служба Би-би-си»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0