Больш за чатыры гады спатрэбілася былому рабочаму ААТ «Гомельскі хімзавод» Аляксандру Клімаву, каб дабіцца ад прадпрыемства складання акта формы Н-1 — «Акта аб няшчасным выпадку на вытворчасці».

Траўму жыхар Гомеля атрымаў на родным прадпрыемстве 19 траўня 2011 года, а толькі 29 чэрвеня 2015 года завод склаў «Акт аб няшчасным выпадку на вытворчасці». Паміж гэтымі датамі – чатыры гады, змарнаваныя на напісанне скаргаў, наведванне ўстаноў кшталту Гомельскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы і іншых, мноства судовых паседжанняў. І ўсё гэта дзеля таго, каб даказаць відавочнае – рабочы атрымаў траўму на родным прадпрыемстве, у працоўны час, пры выкананні працоўных абавязкаў.

На ўсіх этапах барацьбы з сістэмай былому рабочаму дапамагаў праваабаронца, прававы інспектар прафсаюзу РЭП па Гомельскай вобласці Леанід Судаленка.

«Пасля атрымання акту H-1, па сутнасці, мы дабіліся прызнання траўмы вытворчай, адпаведна, згодна закону аб страхаванні, у Аляксандра Клімава з'яўляецца магчымасць звярнуцца ў «Белдзяржстрах», і ён можа атрымаць страхавыя выплаты. Чатыры гады пайшло на тое, каб даказаць відавочнае. Але я лічу, што гэта перамога Аляксандра Клімава над усёй сістэмай. Адзін чалавек паказаў, што калі не спяшацца прызнаваць сваю паразу і змагацца з сістэмай, то у прынцыпе можна атрымаць пазітыўны вынік», - пракаментаваў праваабаронца.

Сам былы рабочы нават не ведае – радавацца яму ці журыцца зараз.

«Бо яшчэ невядома, што будзе з выплатамі, і акт так складзены, што не пазначана нічыя віна за тое, што я застаўся інвалідам. Да заключэння не прыклалі ніводнага дакумента», - адзначыў Аляксандр Клімаў.

Гісторыя пачалася ў траўні 2011 года. Апаратчык абпалу ААТ «Гомельскі хімзавод» Аляксандр Клімаў, знаходзячыся на працоўным месцы, зайшоў на эстакаду разгрузкі, адчуў пах серы, страціў прытомнасць і ўпаў з вышыні. Ён атрымаў шматлікія траўмы, пераломы рэбраў, разрыў ўлоннага сучлянення, траўматычны сімфізіт. Але на прадпрыемстве быў складзены акт аб невытворчай траўме. Наймальнік спаслаўся на медыцынскае заключэнне завадскога медпункта аб тым, што прычынай непрытомнасці стаў «хваравіты стан», паколькі калісьці працоўны звяртаўся па кансультацыю ў кардыялагічны дыспансер з нагоды павышанага ціску.

Разам з тым, упраўленне аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама і Міністэрства аховы здароўя ў адказах на звароты Аляксандра Клімава напісалі, што магчымыя прычыны страты прытомнасці работнікам падчас няшчаснага выпадку дакладнымі медыцынскімі дадзенымі не пацверджаныя і з'яўляюцца толькі меркаваннем галоўнага лекара, выказаныя ў меркаванай форме. Працоўны рэгулярна праходзіў медыцынскую камісію, атрымліваў допуск да працы, на ўліку ў кардыялагічным дыспансеры не стаяў, а эскулапы лячэбнага ўчастка хімзаводу спасылаюцца на гіпатэтычныя здагадкі.

Прайшоўшы этап «кругоў пекла» - мноства судовых разглядаў, толькі праз чатыры гады, 17 лютага 2014 года Аляксандр Клімаў атрымаў пастанову Гомельскага абласнога суда, які абавязаў Гомельскае ўпраўленне інспекцыі па працы скласці акт формы H-1, гэта значыць прызнаць траўму Аляксандра Клімава вытворчай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?