Аляксандр Лукашэнка падпісаў шэраг указаў аб стабілізацыі фінансавага становішча буйных прамысловых прадпрыемстваў краіны. 

фота з фэйсбука Паўлюка Быкоўскага

фота з фэйсбука Паўлюка Быкоўскага

Так, паводле ўказа №280, Мінскаму трактарнаму заводу дадзена права ажыццявіць эмісію аблігацый у аб'ёме, які не перавышае 150 млн долараў. 

У той жа час паводле ўказа № 282 Мінскі трактарны завод атрымаў права на растэрміноўку да 22 кастрычніка 2015 года па выплаце ўтворанай завінавачанасці па ПДК у памеры 59,5 млрд рублёў. 

Пры гэтым ва ўказе сказана, што вызваленыя ў сувязі з даваннем растэрміноўкі сродкі павінны быць накіраваныя заводам на папаўненне ўласных абаротных сродкаў. 

Таксама Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога дзяржпадтрымка аказваецца яшчэ аднаму буйному машынабудаўнічаму прадпрыемству — «Гомсельмашу»

У адпаведнасці з указам № 281 Міністэрству фінансаў даручана выпусціць аблігацыі на суму 425,8 млн долараў, якія павінны выкупіць камерцыйныя банкі. У адпаведнасці з указам удзельнікам холдынгу «Гомсельмаш» да 1 жніўня са сродкаў рэспубліканскага бюджэту, якія паступілі ад размяшчэння пазыковых папер, павінны быць дадзены бюджэтныя пазыкі ў доларах са штоквартальнай выплатай працэнтаў за карыстанне імі ў памеры 7% гадавых. 

Паводле ўказа, вяртанне бюджэтных пазыкаў будзе ажыццяўляцца з 1 ліпеня 2016 года па 30 чэрвеня 2022 года штогод у сумах не менш як 50 млн долараў (у 2016 годзе — не менш як 25 млн долараў). 

Варта адзначыць, што акрамя названых дакументаў Аляксандр Лукашэнка таксама падпісаў указ № 284, які носіць напалову сакрэтны характар і прадугледжвае меры, скіраваныя на «стабілізацыю фінансава-эканамічнага стану асобных прамысловых арганізацый». Восем пунктаў згаданага ўказа маюць грыф «для службовага карыстання». 

У адкрытым варыянце названага ўказа ўтрымліваюцца толькі меры, якія прадугледжваюць павелічэнне ўнутранага дзярждоўгу Беларусі на 9 трлн рублёў. Акрамя гэтага, на 7 трлн рублёў, паводле ўказа, плануецца павялічыць дзярждоўг, гарантаваны ўрадам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?