На мінулым тыдні «Наша Ніва» апублікавала відэа мінскага падлетка, які разам з сябрамі зладзіў «яечнае мовазнаўства» – гульню па перакладзе рускіх слоў на мову, дзе за памылку чалавек атрымліваў сырым яйкам у галаву. Аказалася, што падобных відэа на канале хлопца маса, і ўсе яны зроблены па-беларуску. Таму журналісты «Нашай Нівы» пагутарылі з бадай што самым маладым беларускамоўным відэаблогерам.

Хлопца, які выкладвае відэа на ютуб-акаунце J-Smoke, зваць Іван Місуна. Яму 15 гадоў, ён скончыў 10 класаў мінскай школы і праз год рыхтуецца паступаць на «штосьці, звязанае з філалогіяй». Паводле юнака, менавіта любоў да беларускай мовы падштурхнула яго рабіць пацешныя ролікі.

Тут і далей фота са старонкі Івана УКантакце.

Тут і далей фота са старонкі Івана УКантакце.

«Гэтая ідэя стрэліла мне ў галаву леташняй зімою, — расказвае Іван. — Тады я ўбачыў на «Нашай Ніве» артыкул пра гомельскага блогера Дзіму Ермузевіча і падумаў, чаму б таксама не рабіць штосьці прыкольнае, але па-беларуску? Бо я вельмі люблю беларускую мову. Уважаю яе за штосьці святое і сакральнае. Да таго ж, канкурэнтаў у мяне няма».

На свядомасць падлетка паўплывалі Караткевіч і Мележ — іхнія творы Іван называе любімымі і сцвярджае, што яны раскрываюць усю прыгажосць беларускай мовы. 

А вось натхненне ў відэа Іван чэрпае ў замежных блогераў, але часам і крэацівіць. Так, хлопец паказаў гледачам, як зрабіць піцу «Пагоня», патлумачыў, хто, на ягоную думку, беларускі Бандэра. У некаторых відэа разважанні хлопца досыць наіўныя і не слушныя. Але Іван кажа, што нічога нікому не навязвае.

«Да маёй творчасці ставяцца па-рознаму. Але станоўчых водгукаў больш, чым негатыўных. Маім бацькам, напрыклад, відэа падабаюцца. Кажуць толькі, каб я быў асцярожным і нічога не справакаваў гэтымі ролікамі. А што да сяброў, то яны ў некаторай ступені суаўтары. Таму што, калі яны ўбачылі, што я завёў свой ютуб-канал, то самі пачалі падкідваць мне ідэі. Напрыклад, «Вершаваны ўдар», калі трэба забіць гол у браму, а за няўдалую спробу чытаеш верш беларускага пісьменніка на камеру. Чыталі вершы ўсе па выніках», — сказаў Іван і адзначыў, што забава стала нечым большым, і цяпер ягоныя сябры больш не ўважаюць беларускую мову за штосьці непатрэбнае.

«Часам хтосьці дзякуе за творчасць, мне ад гэтага на душы робіцца цёпла. Але ёсць і іншы тып людзей — беларусафобы. Бывае, сутыкаюся з імі на вуліцах. Яны просяць гаварыць з імі па-руску, бо «вуха рэжа». Таксама мяне абражалі УКантакце з левых старонак і называлі «щкрафашыстам», але я гэтым фэйкам не адказваю», — расказаў хлопец пра свае цяжкасці.

Дарэчы, у юнага беларускамоўнага блогера ёсць дзяўчына, з якой яны пазнаёміліся «праз родную мову».

«Нашае каханне пачалося дзякуючы нашай любві да мовы — яна да яе ставіцца як і я, сакральна. Першыя 9 месяцаў адносінаў мы гаварылі выключна па-беларуску. Але ўсё ж мы яшчэ не вельмі спрактыкаваныя, ды і школьнікі, а ў школе асабліва па-беларуску не пагаворыш — там іншая мова пануе. Таму цалкам беларускамоўныя адносіны мы адклалі да лепшых часоў», — распавёў Іван і падкрэсліў, што ягоны мінус у тым, што ён не ўвесь час гаворыць па-беларуску. Але, маўляў, будзе развівацца.

«Усё даводзіцца самому вучыць, бо ў школе — жах! Нядаўна спыталі, хто б хацеў з наступнага году вучыць гісторыю і геаграфію па-беларуску, дык толькі два чалавекі руку паднялі, уключаючы мяне. Крыўдна. Але вось куплю новую камеру, стану знакамітым блогерам і мо кагосьці прыцягну да беларушчыны», — спадзяецца Іван.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?