Пачну з анэкдоту. Апынуліся на Месяцы два харваты, два басьнійцы і два сэрбы. Пачалі спрачацца, ну вядома пра што – пра тое, каму належыць тэрыторыя Месяца. Харваты: “Ну, тут вось такія акіяны быццам, выглядае як Адрыятычнае ўзьбярэжжа, гэта мусіць быць Харватыя”. Басьнійцы: “Не, глядзіце, вунь горы, пагоркі, гэта Босьнія.” Сэрбы стаяць, потым адзін дастае пісталет, забівае другога і кажа: “Тут пралітая сэрбская кроў і ляжаць сэрбскія косьці!”

Здаецца, беларуская благасфэра (як і беларуская тэлебачаньне) апошнія два дні толькі Косавам і жыве. Думкі і меркаваньні – самыя розныя. Хтосьці лічыць Сэрбію міні-імпэрыяй, якая распалася і добра што распалася, хтосьці баіцца, што наступным прэзыдэнтам Косава стане Асама бін Ладэн, хтосьці дасьціпна аналізуе прававыя наступствы. Здаецца, беларуская благасфэра памяшалася на Косаве ня менш, чым самі сэрбы...

Можна колькі заўгодна ёрнічаць, што Косава – наўрад ці жыцьцяздольнае без заходняй падтрымкі, і што яго сымболіка нагадвае хіба што этыкетку ад каньяку “Слънчев Бряг”. Можна гадаць пра магчымыя палітычныя і прававыя наступствы рашэньня ЭЗ і ЗША. Але калі шчыра, то я не чакаў такой дрымучасьці і паранойі шмат ад каго з сваіх сяброў, якія пачалі трубіць пра ісламскую пагрозу Эўропе толькі таму, што на мапе кантынэнту зьявілася яшчэ адна дзяржава, пераважна населеная мусульманамі.

Адна мая сваячка (заўзятая беларуская нацыяналістка і антыкамуністка, дарэчы), якая доўга вывучала паўднёваславянскую літаратуру і ў захапленьні ад сэрбскіх эпасаў, лічыць, што маё нібыта праальбанскае стаўленьне – ад бездухоўнасьці і няведаньня гісторыі. Я спытаўся ў яе, а чым ад альбанцаў, якія калянізавалі “исконно сербские земли» (якія сапраўды такімі і зьяўляюцца, дарэчы), адрозьніваюцца беларусы, якія неяк калянізавалі ісконна балцкія землі. Адказ заключаўся ў тым, што беларусы гэта зрабілі нашмат раней. Маё пытаньне пра тое, ці ёсьць даўжыня радаслоўнай крытэрам таго, ці дазволіць народу жыць на дадзеным кавалку зямлі ці не, увяло сваячку ў ступар.

Аддзяленьне Косава – палітычны казус? Так. Праяўленьне двайных стандартаў? Напэўна. Бомба запаволенага дзеяньня, якая ніхто ня ведае дзе і як выбухне? Цалкам магчыма. Але мы забылі пра тое, што акрамя тэрыторыяў і міжнародных нормаў, гутарка ідзе яшчэ і пра зусім канкрэтных людзей. Калі сэрбы сапраўды хацелі захаваць Косава, трэба было пачынаць думаць гадоў дваццаць пяць таму і тады прапаноўваць альбанцам шырокую аўтаномію. Тады замест гэтага з косаўскіх альбанцаў зрабілі ахвярных казлоў за ўсе беды і праблемы. Справа даходзіла да абсурду – з аднаго сэрбскага дзядзькі не зусім традыцыйнай для кансэрватыўнай Сэрбіі арыентацыі зрабілі нацыянальнага пакутніка, пасьля таго, як ён самазадавальняўся бутэлькай і параніў сабе пэўную частку цела – у той час на альбанцаў сьпісвалі і такія рэчы. На сэрбскім слэнгу саманазва альбанцаў “шыптары” была перайначана так (хто ведае ангельскую, той зразумее), што да цэлага народа зьвярталіся як “гаўнюкі”. Дык вось, мне проста цікава, колькі з вас, шаноўнае спадарства, будзе шанаваць нормы міжнароднага права, калі вас дваццаць гадоў згодна з гэтымі нормамі будуць клікаць гаўнюкамі. Канцлягер, у які Косава ператварыў рэжым Мілошавіча ў 1990-х гг. таксама мала хто згадвае. Гэтаксама як і этнічныя чысткі.

Адзін маленькі але вельмі горды народ са шматпакутнай гісторыяй вырашыў адыграцца за свае пакуты на іншым, яшчэ меншым, але, як высьветлілася, ня меней гордым. Сапраўдная сэрбская бяда ў тым, што паранаідальную ідэалёгію “сусьветнай змовы” і “альбанскай пагрозы” напладзіла ў свой час не ЦК кампартыі а самы што ні ёсьць цьвет сэрбскай дэмакратычнай інтэлігенцыі. Пад гэтымі лёзунгамі інтэлігенцыя акурат і плянавала выхапіць уладу ў кампартыі. Аднак, як заўжды, скарыстаўся новай ідэалёгіяй зусім ня той, хто мусіў. Калі Мілошавіч вырваўся да ўлады (зрабіў ён гэта, дарэчы, акурат у Косаве), то новы стары рэжым ужо меў гатовую канструкцыю, якая на базе перайначанай на патрэбны лад гісторыі і зноўствораных мітаў забясьпечвала бесьперапынны прыток гарматнага мяса для авантураў новага балканскага мясьніка. Любімы ў 1990-я гг. лёзунг пра тое, што сэрбскія межы там, дзе пралілася сэрбская кроў і ляжаць сэрбскія косьці, памножыў кроў і косьці – але ня землі. Сама Сэрбія стала нагадваць Нокію – кожная новая вэрсія рабілася меншай за папярэднюю.

Канешне, балканскія войны – справа цёмная, і альбанцы далёка не бязгрэшныя, калі не сказаць больш. Тым больш сама ідэя суіснаваньня двух народаў у адной дзяржаве выглядае як абсурд.

Паводле іроніі лёсу, пазбавіцца ад Мілошавіча Сэрбія здолела толькі тады, калі яе пазбавілі Косава – менавіта НАТАўская кампанія 1999 года стала пачаткам канца Мілошавіча. Косава – гэта тое, на чым у Сэрбіі лягчэй за ўсё зарабіць палітычны капітал і чым лягчэй за ўсё давесьці краіну да ручкі. Учора гэтым займаўся Мілошавіч, сёньня Каштуніца, дзякуючы якому заўтра Сэрбія застанецца і бяз Косава і без Эўразьвязу. Масква, якая клялася ў тым, што Косава не аддасьць, свае трубы ўжо атрымала і асабліва ірваць адно месца на брытанскі сьцяг дзеля братоў-славянаў таксама ня будзе. Ужо каторы раз у гісторыі сэрбы робяцца бездапаможнымі ахвярамі ўласнай міталёгіі і іх чарговы раз кідаюць лепшыя сябры (гэтым разам ня толькі кінулі, а, мяркуючы па варунках, на якіх Газпрому адыйдзе сэрбская нафтагазавая транзытная сыстэма, дык яшчэ і абадралі, як ліпку). За авантуры Мілошавіча і Каштуніцы расплачвацца будзе яшчэ не адно пакаленьне сэрбаў.

Пра што гэта я? Пра тое, што кошцы мышкіны сьлёзы як правіла вяртаюцца. І калі любіш і бароніш сваё – то навучыся шанаваць і чужое. Прыклад Сэрбіі і Косава сьведчыць, чаго можа каштаваць, калі нацыянальную годнасьць спрабуюць мацаваць, робячы зь іншых недачалавекаў. Таму калі я чытаю, што адна расейская барышня, якую вароціць ад самаго факту існаваньня беларускай мовы, заяўляе, што беларус – гэта такая машына для капаньня бульбы, то мне не складае цяжкасьці візуалізаваць узьняцьце над Менскам сьцяга НАТО пад бездапаможны скрыгат зубоў гэтай паненкі. І калі я чую бздуру, якую нясуць некаторыя сродкі масавай інфармацыі з нагоды “карты паляка” і бясконцыя намёкі на тое, што вось на захадзе бацькаўшчыны палякі пачынаюць ірэдэнду - то не магу пазбавіцца ад думкі, што тыя, хто распускае гэтую бздуру, пазначаць Беларусь такім самым знакам бяды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?