Відэагульня «Легенды Айзенвальда» беларускай каманды Aterdux Entertainment выйшла ў продаж у інтэрнэт-магазіне Steam 2 ліпеня прыкладна а 17 вечара па мінскім часе.

Праект сусветнага класу зрабілі фактычна два праграмісты, арт-дырэктар, пісьменнік і прадзюсар. І так, «Легенды Айзенвальда» даступныя на беларускай і яшчэ пяці мовах.

Сусвет гульні нагадвае рэальнае XVI стагоддзе ў Еўропе, але з невялічкімі адрозненнямі — без эльфаў і оркаў, але з кропелькай чараўніцтва, у якое верылі ў тыя часы. І, вядома, з прыдворнымі інтрыгамі, братазабойчымі войнамі і здрадамі.

Чытайце падрабязней: «Легенды Айзенвальда» сталі першай камп’ютарнай гульнёй па-беларуску

На распрацоўку хардкорнай сумесі ролевай гульні і класічнай пакрокавай стратэгіі каля трох тысяч чалавек ахвяравалі сумарна 83,5 тысяч даляраў з запатрабаваных 50 тысяч на Kickstarter. Пагуляць у «Легенды Айзенвальда» ў «чарнавой» версіі можна было яшчэ з кастрычніка 2013 года дзякуючы сістэме Steam Greenlight. 73% добраахвотных тэстыроўшчыкаў пакінулі пазітыўныя водгукі пра папярэднюю версію.

Гульня выйдзе для Windows, яна патрабуе прынамсі двухядзерны працэсар на частаце 2 ГГц, 2 Гб аператыўнай памяці, 1 Гб відэапамяці і 2 Гб на дыску. Цана на Steam — 13 даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?