Тут і ніжэй фота: Solar Impulse
Самалёт Solar Impulse 2 пабіў сусветны рэкорд па дальнасці адзіночнага палёту без пасадак і дазаправак, паведамляюць распрацоўшчыкі ўнікальнага апарату, што нацэліўся на кругасветны пералёт.
Solar Impulse 2 знаходзіўся ў небе над Ціхім акіянам 80 гадзін і праляцеў рэкордныя 5663 км. Да Гаваяў яму засталося яшчэ 40 гадзін. Рэкорд, мяркуюць стваральнікі самалёта, ёсць добрай заяўкай на «бясконцую» энергію для авіяцыі.
Заснавальнік кампаніі Solar Impulse швейцарац Андрэ Боршберг выляцеў у кругасветную вандроўку 9 сакавіка з Абу-Дабі (ААЭ), здзейсніў пасадкі ў Амане, Індыі, М’янме і Кітаі, праз надвор’е экстранна сеў у горадзе Нагоя (Японія) 1 чэрвеня, затым 1 ліпеня выляцеў з Японіі на Гавайскія астравы. У Арабскія эміраты Боршберг мае вярнуцца ў жніўні-верасні.
Чытайце падрабязней: «Сонечны самалёт» пачаў палёт вакол свету
Solar Impulse 2 працуе толькі ад сонечнай энергіі. На яго крылах размахам 72 метры размешчаныя 17 тысяч сонечных батарэй і 4 электраматоры, што разганяюць 2,35-тонны агрэгат да 100 км/г. Назапашаная за дзень энергія дазваляе ляцець і ўночы.
Андрэ Боршберг за штурвалам Solar Impulse 2