Сябры Аргкамітэту па правядзеньні першай агульнанацыянальнай дыктоўкі і ўтварэньня Агульнанацыянальнай нядзельнай беларускай школы склікалі прэс‑канфэрэнцыю.

Што?

Аўтарам ідэі правядзеньня першай агульнанацыянальнай дыктоўкі выступіў кандыдат філязофскіх навук Уладзімер Падгол. Ідэя ўзьнікла пасьля размовы з адным з вэтэранаў нацыянальнага руху. Той паскардзіўся, што ня можа больш праз кепскае самаадчуваньне наведваць шэсьці. Пасьля той гутаркі, распавядае сп. Падгол, ён даведаўся, што літоўцы трэці раз 26 студзеня правялі па ўсім сьвеце агульнанацыянальную дыктоўку. Напрыклад міністар замежных справаў Літвы Пятрас Вайтэкунас пісаў яе ў Нямеччыне разам з кіраўнікамі літоўскіх грамадаў краінаў ЭС. Пісалі і беларускія літоўцы ў пасольстве Літвы ў Менску. Так узьнікла думка: «А чаму б і нам, беларусам, перад 25 Сакавіка не напісаць разам агульнанацыянальную дыктоўку?» Такія дыктоўкі пішуць ня толькі ў Літве, але й у Польшчы ды Францыі, дзе гэта ёсьць не пытаньнем ратаваньня мовы, а яднаньня нацыі.

Дзе?

Дзеля супольнага правядзеньня дыктоўкі ў Менску сябры Аргкамітэту зьбіраюцца падаваць заяўкі на выдзяленьне заляў у Нацыянальнай, Купалаўскай, Пушкінскай бібліятэках, у бібліятэках БДУ і Пэдунівэрсытэту. У выпадку адмовы падрыхтаваны запасны варыянт: па магчымасьці жадаючых прымуць сядзібы Партыі БНФ і ТБМ. Прыхільнікам роднай мовы ў рэгіёнах прапануецца арандаваць памяшканьні на месцах. Можна зьбірацца дзеля гэтай справы на кватэрах. Віцебскі дэмакратычны актывіст Барыс Хамайда зьбіраецца пісаць дыктоўку на вольным паветры ў сваім традыцыйным месцы ў родным Віцебску.

Напісаць дыктоўку запрашаюцца беларусы, што знаходзяцца па‑за межамі Беларусі. Падтрымаць іх гатова грамадзкае аб’яднаньне Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».

Калі?

Аргкамітэт вырашыў правесьці першую агульнанацыянальную дыктоўку 23 сакавіка ў нядзелю. Пачатак акцыі а 10‑й, заканчэньне — а 18‑й. «Гэта будзе вольны дзень, каталікі акурат тады будуць сьвяткаваць Вялікдзень». Правяраць тэксты дыктовак будуць прафэсійныя выкладчыкі беларускай мовы. 25 сакавіка — у дзень адзначэньня 90‑годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі — вынікі агульнанацыянальнай дыктоўкі будуць агучаныя незалежнымі СМІ.

Як?

На дадзены момант Беларускі ПЭН‑цэнтар абвесьціў конкурс на напісаньне тэксту дыктоўкі. Зацьверджаны тэкст запішуць на лічбавыя і відэаносьбіты і будуць дасылаць усім жадаючым узяць удзел у акцыі. У месцах масавага напісаньня дыктоўкі тэкст будуць чытаць выкладчыкі беларускай мовы. Здаваць на праверку напісанае неабавязкова, рабіцца гэта будзе па асабістым жаданьні кожнага ўдзельніка. Арганізатары мерапрыемства зьвяртаюцца да ўсіх жадаючых напісаць дыктоўку з заклікам фатаграфаваць падзею і дасылаць у Аргкамітэт здымкі. «ААН назвала гэты год годам Роднай мовы, таму ёсьць сэнс зладзіць фотавыставу паводле нашай акцыі і ў сьценах гэтай арганізацыі» — прапанаваў У. Падгол.

Навошта?

«Мы зробім дыктоўку дыктатарам — тым, што кожны дзень нам кажуць, што на нашай мове нічога вартага не напішаш і ня скажаш, тым, што адмаўляюцца даваць афіцыйныя адказы па‑беларуску, кажучы, што ў краіне дзьве дзяржаўныя мовы» — гаворыць Уладзімер Падгол. На яго думку, сама акцыя сумеснага напісаньня дыктоўкі ва ўсіх куточках Беларусі і за яе межамі можа стаць усясьветнай дэманстрацыяй салідарнасьці беларусаў з роднай мовай.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч мяркуе, што толькі само грамадзтва з нутры можа зьмяніць моўную сытуацыю. Ён распавёў, што некаторыя з партыйных лідэраў, зь якімі ён меў гутарку, адмаўляюцца ад напісаньня дыктоўкі, бо гэта несур’ёзна. «У гэтых спадароў ёсьць месяц на развагі, бо пасьля будзе сорамна — нават паслы краінаў Эўрасаюзу будуць пісаць разам з намі гэтую дыктоўку» — адзначыў В. Івашкевіч.

«Мне сорамна за сёньняшніх беларускіх журналістаў, якія нават пра Дуніна‑Марцінкевіча распавядаюць па‑расейску» — сказала старшыня БАЖу Жана Літвіна. На яе думку, са свайго боку журналісты павінныя ня толькі асьвятляць падзею, але й прыняць асабісты ўдзел.

«Мы ня маем сёньня ніводнага з кодэксаў законаў па‑беларуску, але не павінны толькі жаліцца — трэба самім нешта рабіць. Прыклады Жалезьнічэнкі ды іншых паказваюць, што такія ініцыятывы даюць плён» — падкрэсьліў праваабаронца Алесь Бяляцкі.

«Галоўнае — ня колькасьць напісаных дыктовак і іх якасьць, а сам факт гэтай акцыі — нашае пытаньне мусіць прагучаць па ўсім сьвеце. І гэта павінна стаць нашай добрай традыцыяй» — было агульнае меркаваньне сяброў Аргкамітэту.

Аргкамітэт зьвярнуўся да ўсіх неабыякавых суайчыньнікаў паспрыяць стварэньню прызавога фонду. Пісьменьнік і выдавец Уладзімер Сіўчыкаў вызваўся ахвяраваць свой заробак на прызы пераможцам дыктоўкі.

У Аргкамітэт па правядзеньні першай агульнанацыянальнай дыктоўкі і ўтварэньня Агульнанацыянальнай нядзельнай беларускай школы ўвайшлі: старшыня Менскай гарадзкой арганізацыі ГА «БНФ «Адраджэньне» Віктар Івашкевіч, кіраўнік ГА ЗБС «Бацькаўшчына» Аляксей Марачкін, віцэ‑прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі, старшыня ГА «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны» Алег Трусаў, старшыня ГА «Саюз беларускіх пісьменьнікаў» Алесь Пашкевіч, старшыня ГА «Беларускі ПЭН‑цэнтар» Уладзімер Някляеў, старшыня ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Жанна Літвіна.

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0