Помнікі, падобныя да згаданага, расейскія акупанты ставілі й на іншых захопленых тэрыторыях, каб паказаць межы Расейскае імпэрыі. Гэта быў звычайны «тыповы праект», згодна з сучаснаю тэрміналёгіяй. Помнік у акупаваным Полацку расейцы паставілі яшчэ ў 1850‑м, не пытаючыся дазволу ў мясцовых жыхароў.
Для тых жа людзей, што жылі ў той час у Полацку, як расейцы, гэтак і французы былі заваёўнікамі ды акупантамі.
У Расеі пасьля развалу СССР пануюць вельмі моцныя рэваншысцкія настроі. Нездарма адным з заказчыкаў выступае расейская ваеншчына, якая й фінансуе згаданы праект. Гістарычны досьвед дае шмат прыкладаў таго, што, калі «аднаўляць гісторыю» бяруцца людзі з адпаведных органаў, заўсёды нараджаецца пачвара. Вось такую пачвару, з дзьвюхгаловымі арламі, прапануюць палачанам заказчыкі зь беларускага ды расейскага боку.