Найбуйнейшы беларускі інтэрнет‑партал tut.by папярэджвае аб новай віруснай пагрозе.

Як зазначаецца ў паведамленні партала, апошнім часам сталі частымі рассылкі шкодных праграм, замаскаваных пад віншаванні з тым ці іншым святам. Апошняя хваля рассылак пракацілася па байнеце напярэдадні Дня святога Валянціна, які адзначаўся 14 лютага.

Паводле інфармацыі tut.by, у гэтай хвалі рассылак выкарыстоўвалася версія віруса, якая нядоўна існуе. Яна выконвала свае шкодныя функцыі (дасыланне копій па спісе кантактаў, крадзеж пароляў і іншай асабістай інфармацыі) і праз некалькі гадзін самазнішчалася. Гэта абцяжарвала выяўленне характэрных прыкмет віруса ў сістэме антывірусным праграмным забеспячэннем і далейшую барацьбу з вірусам. Пры гэтым некаторыя віншаванні дасылаліся ад імя адміністрацыі tut.by з фальшывага адраса [email protected].

Адміністрацыя партала звяртае ўвагу на тое, што ніколі не дасылае карыстальнікам лісты з прымацаванымі файламі, патрабаваннямі паведаміць пароль або любую іншую асабістую інфармацыю карыстальніка, а таксама з нейкімі кантактнымі адрасамі, акрамя [email protected]. У выпадку заражэння або падазрэння на заражэнне tut.by рэкамендуе правесці комплексную праверку камп\’ютэра з дапамогай найноўшых версій антывірусных праграм, змяніць паролі, а таксама звярнуцца па дапамогу і кансультацыі да спецыялістаў.

Адміністрацыя партала нагадвае, што запуск любых прымацаваных да ліста файлаў карыстальнік ажыццяўляе на свой страх і рызыку. «У выпадку калі ліст дасланы з невядомай вам скрыні і вы не чакалі яго атрымання, хутчэй за ўсё, у прымацаваным файле будзе ўтрымлівацца шкодная праграма», — гаворыцца ў паведамленні.

Аляксей Арэшка, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0