Мяркуецца, што ў 2016—2020 гадах узровень кампенсацыі насельніцтвам кошту жыллёва-камунальных паслуг будзе павышацца штогод.

Паводле інфармацыі БелаПАН, такія прапановы разглядаюцца ў межах падрыхтоўкі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на бліжэйшыя пяць гадоў, якая павінна быць зацверджана сёлета на Усебеларускім народным сходзе.

Паводле ацэнак эканамічных улад, у 2015 годзе тарыфы насельніцтва пакрыюць прыкладна траціну затрат, звязаных з аказаннем жыллёва-камунальных паслуг. У перыяд з 2016 года па 2018-ы штогод узровень кампенсацыі насельніцтвам затрат на аказанне такіх паслуг будзе павышацца прыкладна на 10% і дасягне 62,5% у канцы 2018-га. 

Прадугледжваецца, што ў 2018 годзе насельніцтва будзе поўнасцю пакрываць кошт усіх жыллёва-камунальных паслуг за выключэннем цеплазабеспячэння.

Па цеплавой энергіі (ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне) акупнасць затрат насельніцтвам плануецца давесці ў 2020 годзе да 30%, што прыкладна ўдвая вышэй за цяперашні ўзровень. 

Разам з ростам тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі ў новай пяцігодцы плануецца і рост тарыфаў на транспартныя паслугі. Мяркуецца, што ўзровень кампенсацыі насельніцтвам затрат на пасажырскія перавозкі ў Мінску вырасце з цяперашніх 50% да 75% у 2020 годзе. 

На ліквідацыі бюджэтнага і перакрыжаванага субсідавання настойваюць міжнародныя фінансавыя арганізацыі, да якіх Беларусь звярнулася па новыя крэдыты. Яны лічаць непрымальнай цяперашнюю практыку, калі больш нізкія тарыфы на платныя паслугі для насельніцтва забяспечваюць за кошт устанаўлення больш высокіх тарыфаў для прадпрыемстваў і субсідый бюджэту. 

Паводле ацэнак экспертаў, з улікам патрабаванняў крэдытораў павышэнне кошту платных паслуг у Беларусі ў 2016—2020 гадах вельмі верагоднае.

Пры гэтым эканамісты зазначаюць, што ў краіне пакуль не створаны адэкватныя механізмы сацыяльнай падтрымкі ўразлівых слаёў насельніцтва.

«Разам з павышэннем тарыфаў для насельніцтва павінны быць створаны механізмы для кампенсацыі фінансавых страт, якія панясуць уразлівыя слаі насельніцтва. Плюс да гэтага павінны быць максімальна зніжаныя выдаткі ў сістэме ЖКГ, якія павышаюць кошт платных паслуг. Рэформа павінна прадугледжваць комплекс мер, тады яна будзе насіць цэласны характар», — мяркуе дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.

Эксперты называюць некалькі сацыяльных груп, якія ў найбольшай ступені могуць пацярпець ад павышэння тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі. «Пастаянны рост тарыфаў на такія паслугі можа стаць найбольш адчувальным для пенсіянераў, шматдзетных і няпоўных сем'яў. У такіх сем'ях колькасць занятых членаў сям'і адносна невялікая, ім цяжка атрымаць эфект ад маштабу і таму для іх павышэнне тарыфаў мае найбольшае значэнне», — зазначае эканаміст Глеб Шымановіч. 

Нагадаем, згодна з дзеючым у Беларусі заканадаўствам, тэмпы росту тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі вызначаюцца дзяржавай і рэгламентуюцца рашэннямі прэзідэнта. Згодна з указам № 550, прынятым у канцы 2013 года, штогод з 1 студзеня тарыфы на такія паслугі павышаюцца ў памеры, эквівалентным 5 далярам ЗША.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?