фота Новы час

фота Новы час

Незалежныя кнігавыдаўцы ў Беларусі робяцца сапраўднымі героямі літаратурнага руху, бо часцей іх дзейнасць асацыюецца не з камерцыйным поспехам, а з барацьбой за выжыванне. Выдавецтва «Кнігазбор» на плыву ўжо многія гады, а сёлета чатыры з шасці кніг — фіналістаў прэміі Гедройца выйшлі з ягонага варштату.

У гутарцы з «Будзьмай» дырэктар выдавецтва Генадзь Вінярскі згадвае залатыя для кнігавыдаўца 90-я, не верыць у поспех электронных кніг і расказвае, як пазбаўляецца ад непажаданых аўтараў.

— Колькі гадоў ужо выдавецтву «Кнігазбор»? Здаецца, яно існавала заўжды.

— 17 сакавіка 1995 года быў заснаваны міжнародны фонд «Беларускі кнігазбор», то бок сёлета яму было 20 гадоў. Ён паўстаў для таго, каб збіраць і рыхтаваць да друку матэрыялы аднайменнай 200-тамовай серыі беларускай літаратуры. Яе ідэю распрацаваў вядомы беларускі пісьменнік і гісторык Кастусь Цвірка. Апроч таго, мы выдавалі і іншую літаратуру на замову, але ў 2006 годзе памянялася заканадаўства, і грамадскія аб’яднанні больш не маглі займацца камерцыйнай дзейнасцю. Таму ў тым жа годзе мы вырашылі заснаваць незалежнае выдавецтва «Кнігазбор». Фактычна, у нас дзве даты нараджэння. У фонд і ў выдавецтва ўваходзяць адны і тыя ж людзі.

— Гэтая глабальная кніжная серыя, з якой усё пачалося, выдаецца і дагэтуль?

— Серыя «Беларускі кнігазбор» і цяпер існуе, ужо больш за 80 кніг выдадзена. Праўда, на падрыхтоўку такіх грунтоўных 600-старонкавых выданняў у цвёрдай вокладцы з цісненнем патрабуецца шмат фінансаў. Раней яны выдаваліся з дапамогай спонсараў, цяпер такіх усё менш. Таму шукаем выйсце: макет рыхтуе нашае выдавецтва, каардынуе гэтую дзейнасць МГА «Белкнігазбор», а выдаюцца кнігі ў асноўным у дзяржаўным выдавецтве «Беларуская навука» і ў недзяржаўным «Харвесце».

— Вы пачыналі займацца кнігавыданнем у 90-я. Наколькі сітуацыя змянілася з тых часоў?

— Пасля распаду СССР, дзе быў кніжны голад, літаратура карысталася шалёным попытам. Кнігі выдаваліся вялізнымі па цяперашніх мерках накладамі — па 6-10 тысяч — і вельмі хутка разыходзіліся. Кнігі заўжды набываюць у асноўным студэнты, дзеячы культуры, то бок людзі не вельмі заможныя. Таму, каб панізіць сабекошт кнігі, трэба шукаць спонсараў, тады гэта зрабіць было значна прасцей.

Цяпер час іншы, з кожным годам кнігі карыстаюцца ўсё меншым попытам, наклады падаюць і выходзяць на сярэднееўрапейскі ўзровень — 300-500 асобнікаў. Тут ёсць шэраг прычынаў, якія вы ведаеце: і русіфікацыя, і меншая пакупніцкая здольнасць, і занятасць людзей, таму Беларусь — краіна чытаючых пенсіянераў, у нас чалавек свабодна можа чытаць толькі ў старасці ці ў адпачынку. Людзі, каб выжыць, працуюць на некалькіх працах, на жаль, тут не да кніг. Да гэтага дадаецца інтэрнэт, электронныя выданні. Раней нашыя кнігі былі папулярныя сярод студэнтаў, якія шукалі ў іх матэрыял для навучання, цяпер яго можна знайсці ў два клікі.

«На беларускамоўным рынку электронная кніга пакуль не варыянт»

— Наконт электронных кніг… вы не спрабавалі на іх зарабляць? Вось нядаўна прыйшоў у Беларусь сервіс Bookmate. Ягоныя стваральнікі казалі, што звярталіся да беларускіх выдавецтваў, але мала хто пакуль думаў пра электронны фармат.

— Мне здаецца, пакуль глабальнае пытанне стварэння электронных версій перад беларускімі выдавецтвамі не стаіць. Беларускую літаратуру ў асноўным чытаюць людзі ўзростам вышэй за сярэдні, якія не сябруюць з сучаснымі электроннымі сродкамі. Моладзь класічную літаратуру мала чытае.

Да нас звярталіся з прапановамі аб стварэнні сайта з электроннымі версіямі, але я працэнтаў на 90 упэўнены, што поспеху гэтая ідэя мець не будзе.

— Ну вось у вас на стале ляжыць «Сфагнум» Віктара Марціновіча, а ён жа выходзіў па-руску ў электронным выдавецтве 34mag. Гэта адцягнула аўдыторыю ад папяровай версіі?

— Не, у нас з 34mag розныя абсалютна чытачы. Можа, наадварот, электронны варыянт заахвоціў набыць кнігу. Магчыма, у асобных выпадках сапраўды трэба, каб электронны варыянт ішоў побач з папяровым. Мне здаецца, гэта тычыцца паэзіі. Я б увогуле паэзію выдаваў у суправаджэнні аўдыёварыянта, бо тады можна пачуць аўтарскую інтанацыю.

А ўвогуле электронную кнігу цяжка прадаць, да таго ж павінная быць абарона ад пірацкіх крадзяжоў. Думаю, што на беларускамоўным рынку гэта пакуль не варыянт для камерцыйнай выгады.

— А можаце назваць хіты продажаў вашага выдавецтва?

— У мяне тысячы кніг выйшлі, цяжка згадаць. У апошнія гады гэта, вядома, кнігі Віктара Марціновіча. Таксама добра прадаваліся «Сутарэнні Ромула» Людмілы Рублеўскай. «Мястэчка G і ваколіцы» Віктара Шалкевіча адразу разляцеліся. Добра пайшлі кнігі Алеся Пашкевіча «Сімъ побѣдиши», Барыса Пятровіча «Пуціна», Андрэя Хадановіча «Разам з пылам», Антона Францішка Брыля «Ян Ялмужна», прайдзісветаўскія выданні «Злачынства, сэр!», «Вусцішны пакой». «Вушацкі словазбор» Рыгора Барадуліна таксама два наклады вытрымаў. Шалёным попытам карысталася «Чытанка для маленькіх» з серыі «Каляровы ровар». А вось кніга Віктара Казько «Час збіраць косці» прадавалася павольна, а пасля прэміі Гедройца вельмі хутка ўвесь наклад мы раскідалі.

«Трапіш на tut.by ці ў «СБ» — наклад за тры дні можна прадаць»

— Вось, дарэчы, у фінал Гедройца трапілі «кнігазбораўскія» кнігі Тацяны Барысік і Андрэя Гуцава. Пра гэтых аўтараў дагэтуль амаль ніхто не ведаў. Не было прэзентацыяў, анонсаў, інтэрв’ю. Па сутнасці, калі б не прэмія, то яны б і засталіся невядомымі. Шмат добрых кніг вось так праходзіць па-за ўвагай?

— Працэнтаў 50 кніг, якія выходзяць у нашым выдавецтве, — сапраўды добрая літаратура, але заўважнымі для чытачоў робяцца адзінкі.

Калі аўтар сам зацікаўлены ў пашырэнні свайго твора, як Віктар Марціновіч, ён правядзе добрую рэкламную кампанію, праедзе з кнігай усю Беларусь (тут я б адзначыў Уладзіміра Арлова, які ўсе 118 раёнаў Беларусі праязджае ўздоўж і ўпоперак). На жаль, большасць аўтараў толькі крычыць паўсюль «я кнігу маю», а прапанаваць яе ў бібліятэкі ці звярнуцца ў СМІ нават не думаюць.

— Вы лічыце, што гэтым павінен займацца аўтар, не выдавецтва?

— А як можа выдавецтва ў беларускіх умовах удзельнічаць у раскрутцы аўтара? Ніяк. Максімум — даць аб’яву, арганізаваць прэзентацыю, калі нехта дапаможа. Далёка не ўсе аўтары гатовыя нават на прэзентацыю сваёй кнігі паехаць.

Беларускі пісьменнік павінен сам займацца раскруткай свайго імені. Калі ягонае імя на слыху, тады ўжо выдавецтва можа дапамагчы. Калі ягоныя кнігі папулярныя, можна думаць і наконт аўтарскіх ганарараў. Аўтар павінен звярнуцца да крытыкаў, можа, нават замовіць у іх рэцэнзію, прычым любая рэцэнзія важная — станоўчая ці адмоўная.

Іншая справа, што чалавеку з кнігай фактычна няма куды выйсці, мала рэкламных пляцовак. Вось калі трапіш на дзень-два на Tut.by ці ў «Советскую Белоруссию» — лічы, увесь наклад зможаш за дні тры прадаць.

Я разумею, што ў асноўным людзі творчасці сціплыя. У кожнага павінен быць свой менеджар ці літаратурны агент, але ў Беларусі кнігавыданне не жыве па рынкавых законах.

— А існуе паміж незалежнымі выдавецтвамі калі не канкурэнцыя, то нейкае перацягванне паспяховых аўтараў?

—Думаю, не. Бо паспяховых аўтараў у Беларусі ўвогуле мала. У кожнага выдавецтва ёсць свае, і ніхто нікому дарогу не перабягае. У Логвінава гэта Уладзя Арлоў, Ігар Бабкоў, Артур Клінаў. У «Галіяфах «— Альгерд Бахарэвіч, Юры Станкевіч. «Кнігазбор» займаецца класічнай літаратурай, мы балансуем паміж традыцыяй і сучаснымі плынямі. У Ігара Логвінава — больш перакладная літаратура і філасофскага кшталту. «Галіяфы» збіраюць авангардных нефарматных пісьменнікаў. Ёсць і шмат іншых маленькіх незалежных выдавецтваў — і Зміцер Колас, які выпускае перакладную літаратуру, і Уладзімір Сіўчыкаў з «Радыёлай», і «Тэхналогіяй», і Андрэй Янушкевіч, які нядаўна з’явіўся на рынку з гістарычнай літаратурай, і Віктар Хурсік.

— Сёлета фіналістамі прэміі Гедройца сталі ажно чатыры кнігі «Кнігазбора» і ніводнай кнігі выдавецтва Логвінава. Можна сказаць, што гэта змяненне сітуацыі на вось гэтым невялікім рынку?

— Думаю, што ў Ігара Логвінава засталіся ранейшыя замоўцы, але ўмовы сталі менш спрыяльнымі для распаўсюду кніг, таму ён, магчыма, збавіў абароты. З чатырох гедройцаўскіх кніг дзве выйшлі ў серыі «Кнігарня пісьменніка», якую мы даўно выдаем. Ну а Андрэй Гуцаў і Антон Францішак Брыль самі захацелі выдацца ў нас.

«Бывала, адвернешся — а табе крыжы на маніторы намалююць»

— А якія кнігі вы б ніколі не сталі выдаваць?

— Ёсць такія аўтары, ад якіх усімі праўдамі і няпраўдамі стараешся пазбавіцца. Але выдавецтва не павіннае выконваць ролю цэнзара. Калі чалавек напісаў нешта нават зусім графаманскае, ён усё адно выдасць гэта невялікім накладам для блізкіх і сяброў. Таксама выдавецтва не павіннае ўдзельнічаць у канфлікце, калі аўтар крыўдзіць некага ў сваім творы, для гэтага ёсць суд, і бакі могуць самі разбірацца. Адзінае, аўтар не мусіць абражаць існую ўладу, як і ў любой краіне.

— А былі замовы на кнігі, супрацьлеглыя вашым прынцыпам? Са Сталіным на вокладцы, напрыклад.

— Пару гадоў таму прапанавалі нам выдаць «Словарь идеологического работника». Мы таксама думалі, як пазбавіцца ад гэтай прапановы, я ўжо і пяцікратны кошт накруціў, а яны на ўсё згодныя. Я думаў: як гэта будзе выглядаць? «Кнігазбор» і «Словарь идеологического работника» — як гэта стасуецца? Тым больш тут так проста не адмахнешся. Добра, што замоўцы пасля ўсё ж зніклі. А потым мне сказалі, што гэта была праверка на вашывасць, бо мы пісалі, што ў палітыку не лезем. Вось, можа, нас так правяралі, лезем ці не.

— А якія-небудзь дзіўныя гісторыі бывалі? Аднойчы я зайшла да вас у выдавецтва, а там жанчына казала, што дзеля сваёй кнігі прадала кватэру.

— Часта людзі рэлігійныя, набожныя прыходзяць, бо яны лічаць, што сваімі простымі народнымі вершамі дапамагаюць камусьці падняцца з дэпрэсіі, служаць міласэрнасці. Яны бачаць, што свет коціцца невядома куды, і хочуць такім чынам паспрыяць аднаўленню духоўнасці.

Прыходзілі і крышнаіты, і прадстаўнікі нейкіх сектаў. Бывала, адвернешся — а табе крыжы на маніторах намалююць. Стараемся таксама ад такіх кліентаў пазбавіцца, але акуратненька, бо раптам потым на цябе нейкі праклён нашлюць.

«Я выкладчык геаграфіі, выдаўцом стаў выпадкова»

— Ці думалі вы ў юнацтве, што будзеце займацца кнігамі?

— Не думаў. Вучыўся я на геафаку на краязнаўстве і турызме, увогуле я выкладчык геаграфіі, але неяк так склалася, што трапіў на працу ў Дом літаратараў, а там усё закруцілася, і мяне павярнула ў кніжны бок.

— Вы чытаеце кнігі, якія ў вашым выдавецтве выходзяць?

— Далёка не ўсе. Але пакуль кніга рыхтуецца да друку, ты ўжо ўсё пра яе ведаеш. Спачатку аўтар табе сто разоў раскажа, пра што яна, потым карэктар ці рэдактар, калі ўзнікаюць нейкія пытанні. Атрымліваецца, што ўсё чытаеш па працы ўрыўкамі, такое выходзіць не для душы чытво, а тэхнічнае.

— А ўвогуле вы кніжны чалавек, на чым вы гадаваліся?

— Можа, не так ужо і шмат я чытаў. Мне ў маім станаўленні дапамагла спачатку літаратура гістарычна-папулярная, такая як трылогія Леаніда Дайнекі «Жалезныя жалуды», «Меч князя Вячкі», «След ваўкалака». Пасля ўжо містычна-гістарычная літаратура, як творы Караткевіча. Гадаваліся мы ўсе на кнігах Міколы Ермаловіча, таксама на «Памяці пра легенды» Кастуся Тарасава. Магчыма, гэта было не так ужо захапляльна, але вельмі патрыятычна, бо трэба было ведаць шмат фактаграфіі, каб не прайграваць сваім апанентам. Са школьнай праграмы, на мяне, канечне, паўплывалі першыя дзве кнігі з трылогіі Івана Мележа. Літаратура тады была, так скажам, больш зямная, пазнавальная.

— Колькі кніг выходзіць у вас за год?

— Прыблізна каля сотні, можа, трохі больш. Найменняў штогод прыкладна аднолькава, а вось наклады робяцца ўсё меншымі.

— Якой кнігі не стае ў беларускай літаратуры? Які рукапіс вы былі б рады атрымаць?

— Ды і кніг, і аўтараў усялякіх хапае, і жанры ёсць розныя. Былі б чытачы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?