Фота: americaeconomia.com

Фота: americaeconomia.com

Сёння жанчыны жывуць у сярэднім значна даўжэй за мужчын па ўсім свеце. Напрыклад, на 2014 год у Беларусі чаканая працягласць жыцця складала для жанчын 78,4 года, для мужчын — 67,8 года. Але так было не заўсёды, сцвярджаюць даследчыкі ў часопісе Proceedings of the National Academy of Sciences.

Да пачатку XX стагоддзя разрыву ў працягласці жыцця між мужчынамі і жанчынамі не было. Але не прагрэс у эканоміцы і ахове здароўя стаў забіваць мужчын — справа ў сардэчна-сасудзістых захворваннях і паленні.

Амерыканскія дэмографы прааналізавалі звесткі 1800-1935 года па 13 развітых краінах Еўропы і Амерыкі. У пачатку мінулага стагоддзя смяротнасць усіх груп людзей рэзка ўпала, але і з’явіўся разрыў у працягласці жыцця мужчын і жанчын. Асноўны ўнёсак у розніцу ў працягласці жыцця робяць людзі ўзростам 50-70 год.

Найбольш на мужчынскую смяротнасць уплывалі захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы, жанчыны значна радзей церпяць ад такіх хвароб у старасці (у 1920-х у 1,5 раза радзей, сёння ў 3,5 раза). Таксама адным з галоўных фактараў смяротнасці з 1900 па 1935 год было паленне: ад яго з’явілася 30% «дадатковых» смярцей.

Менавіта падвышэнне агульнага ўзроўню здароўя ў развітых краінах і перамога над інфекцыйнымі захворваннямі прывялі да з’яўлення цяперашняга разрыву ў працягласці жыцця між мужчынамі і жанчынамі. Падобна, што справа не толькі і не столькі ў біялагічнай розніцы мужчын і жанчын, а ў ладзе жыцця — харчаванні, фізічных нагрузках, фізкультуры, а таксама алкаголі і паленні.

Дарэчы, беларусы рана пачынаюць скарачаць сваё жыццё: мы ў лідарах па колькасці падлеткаў-курыльшчыкаў (сцвярджаецца, што паляць больш за 65% студэнтаў і школьнікаў), не радасная сітуацыя і з алкаголем ды наркотыкамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?