Матч Мікранэзія — Таіці, мікранэзійцы ў сіняй форме. Фота: oceaniafootball.com

Матч Мікранэзія — Таіці, мікранэзійцы ў сіняй форме. Фота: oceaniafootball.com

За тры гульні групавога этапу футбольнага турніру Ціхаакіянскіх гульняў моладзевая (U-23) зборная Федэратыўных штатаў Мікранэзіі не забіла ніводнага гола, а прапусціла 114 мячоў.

Мікранэзія прайграла Таіці 0:30, затым прайграла Фіджы 0:38, у апошняй гульні прайграла Вануату 0:46. Гэта першы ўдзел каманды ў міжнародным турніры.

Параза ў гульні з Вануату — абсалютны рэкорд сусветнага футболу. Папярэдні рэкорд належыў Амерыканскаму Самоа — у 2001 годзе яны прайгралі Аўстраліі 0:31. Але новы рэкорд наўрад ці будзе афіцыйна прызнаны — Мікранэзія не ёсць сябрам FIFA.

Сусветныя СМІ адзінагалосна назвалі мікранэзійскую каманду «найгоршай зборнай свету». The Daily Mirror запусціла жартаўлівае апытанне: «Ці змаглі б вы трапіць у зборную Мікранэзіі?» з варыянтамі адказаў «Так», «Абсалютна», «Дакладна» і «Вядома».

«Гэта хлопчыкі, не мужчыны, — сказаў трэнер Стэн Фостэр пра сваю каманду. — І яны гулялі супраць добра падрыхтаваных мужчын. Спадзяюся, большая частка гэтых хлопчыкаў застанецца тут прынамсі на восем год».

Тым не меней, трэнер каманды лічыць гэта паспяховым дэбютам каманды, ён звярнуўся да FIFA з просьбай аб афіцыйным прызнанні зборнай і ўключэнні яе ў Азіяцкую канфедэрацыю, што адкрые шлях да тэхнічнай дапамогі камандзе. На наступныя Ціхаакіянскія гульні праз чатыры гады каманду ўжо паабяцалі запрасіць.

***

Федэратыўныя штаты Мікранэзіі — невялікая дзяржава на 607 невялікіх астравах і выспах у Акіяніі. Атрымалі незалежнасць ад ЗША ў 1986 годзе, застаюцца з ЗША ў свабоднай асацыяцыі. На плошчы ў 702 квадратных кіламетры пражываюць 106 тысяч чалавек. Па ўзроўні ВУП знаходзяцца на 207 месцы з 227, эканоміка трымаецца на натуральнай сельскай гаспадарцы, рыбнай лоўлі і падтрымцы ЗША.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?