На сайце Вярхоўнай Рады Украіны апублікавалі законапраект, аўтары якога прапануюць забараніць называць Расійскую Федэрацыю Расіяй.

Законапраект 3 ліпеня ўнесла дэпутат Аксана Карчынская з «Радыкальнай партыі» Алега Ляшко, аднак падрабязнасці сталі вядомыя толькі цяпер.

У прыватнасці, аўтары законапраекта прапаноўваюць замест слова «Расія» выкарыстоўваць толькі поўнае найменне «Расійская Федэрацыя» альбо слова «Масковія». За парушэнне гэтага правіла прапануецца ўвесці крымінальную адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 12 гадоў.

На думку аўтараў законапраекта, Расія праводзіць у дачыненні да Украіны несяброўскую, імперскую палітыку. Пры гэтым адно з яе афіцыйных найменняў — «Расія» — фактычна з'яўляецца гістарычнай назвай тэрыторыі, на якой размешчана сучасная Украіна.

У сувязі з гэтым аўтары дакумента лічаць, што выкарыстанне слова «Расія» ў якасці афіцыйнага сіноніма Расійскай Федэрацыі можна расцаніць як агрэсіўны напамін грамадзянам Украіны пра часовасць іх дзяржаўнасці і як замах на дзяржаўны суверэнітэт Украіны.

Раней украінскі парламент ужо прызнаў Расею краінай-агрэсарам. Акрамя таго, на фоне анексіі Крыма і зацяжнога збройнага канфлікту на ўсходзе краіны ў краіне былі забароненыя многія расійскія фільмы і серыялы. Украіна таксама забараніла ўезд некаторым расійскім палітыкам і культурным дзеячам.

У адпаведнасці з расійскай канстытуцыяй слова «Расія» з'яўляецца афіцыйным найменнем краіны нароўні з Расійскай Федэрацыяй. Асноўны закон краіны вызначае гэтыя два найменні як поўныя сінонімы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?