У сераду, 8 ліпеня на даху офіса velcom у Мінску гучала класічная музыка — духавая секцыя рэпетавала свой выступ, а арганізатары вечароў класічнай музыкі распавялі пра будучыя мерапрыемствы.

Пасля паспяховых «Джазавых вечароў з БелВЭБ» фонд «Ідэя» супольна з velcom зладзіць пад Ратушай чатыры open-air-канцэрты класічнай музыкі. 11, 18, 25 ліпеня і 1 жніўня прагучаць Моцарт, танга, музыка Барока і творы Агінскага. Пачатак а 8-й вечара.

Праграма чатырох вечароў крайне разнастайная — з улікам незвычайнага фармату арганізатары вырашылі прадставіць класіку розных часоў і мясцін.

Чытайце падрабязней: Моцарт, танга, барока, Агінскі і мала міліцыі: што калі на Вечарах класічнай музыкі пад Ратушай

Ужо звыклы фармат джазавых вечароў — канцэрт пад вольным паветрам, плошча Свабоды, бясплатны ўваход — будзе дапоўнены вялізным экранам на сцэне і сюрпрызамі, якія арганізатары назвалі «інтэрактыўнымі фішамі».

«Класічную музыку любяць усе, проста не ўсе ведаюць пра гэта», — адзначыў Аляксандр Чахоўскі, кіраўнік музычнага дому «Класіка». Паводле яго слоў, вечары класічнай музыкі зробяць цікавымі і маладым, і старым, і рабочым, і хіпстарам. Усе творы будуць выконваць беларусы: маўляў, у нас вельмі шмат выдатных музыкаў, хто не верыць — хай прыйдзе і праверыць іх прафесіяналізм!

Начальнік упраўлення маркетынгу velcom Юлія Дайнека дадала, што паводле аналізу аператара, самымі папулярнымі класічнымі творамі ў беларусаў можна назваць «Шчаўкунчыка» Пятра Чайкоўскага і «Чатыры сезоны» Вівальдзі — менавіта імі абаненты найчасцей сярод сотні класічных мелодый замяняюць стандартныя гудкі праз паслугу «Мелафон».

Як распавяла дырэктар фонда «Ідэя» Наталля Куцан, пасля джазавых вечароў і вечароў класічнай музыкі могуць адбыцца і фольк-вечары, а ў наступным годзе музыкай у Верхнім горадзе плануецца запоўніць хіба не кожную суботу.

На апошнім джазавым вечары некаторыя наведнікі наракалі на меры бяспекі, якія палічылі празмернымі — аўтаракі, агароджы, металашукальнікі… На вечарах класічнай музыкі такога не павінна быць, кажуць арганізатары. Яны папрасілі прабачэння за нязручнасці і назвалі сітуацыю супадзеннем: меры бяспекі былі надзвычайнымі ў сувязі з прыездам у Мінск патрыярха Кірыла і вялікай канцэнтрацыяй людзей (як слухачоў, так і вернікаў) у цэнтры горада. У дні вечароў класічнай музыкі візітаў афіцыйных асоб не чакаецца, таму ад АМАПа будзе толькі некалькі чалавек.

Чытайце таксама:

30 музычных фэстаў блізкага і далёкага замежжа

16 летніх фэстаў Беларусі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?