Аляксандр Лукашэнка 8 ліпеня падпісаў указ № 315 «Аб перадачы ва ўласнасць жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду», паведамляе прэс-служба прэзідэнта.
Дакумент дае грамадзянам права да 1 ліпеня 2016 года звярнуцца па прыватызацыю занятых імі жылых памяшканняў, пабудаваных за кошт сродкаў, выдзеленых на ліквідацыю наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, і дадзеных у перыяд дзеяння пастановы ўрада № 244 ад 6 мая 1995 года.
Згодна з указам, прыватызаваць жылыя памяшканні грамадзяне будуць на платнай аснове ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі, якія рэгулююць пытанні прыватызацыі.
Пры гэтым у грамадзян і членаў іх сем'яў не павінна быць ва ўласнасці жылых памяшканняў (долей у праве ўласнасці на жылыя памяшканні) у населеным пункце, дзе набываецца жыллё. Яшчэ адна ўмова для прыватызацыі — неатрыманне дзяржаўнай падтрымкі на будаўніцтва (рэканструкцыю) ці набыццё жылых памяшканняў у выглядзе льготнага крэдыту ці аднаразовай субсідыі.
Указ набывае моц пасля яго афіцыйнага апублікавання.