У расійскай Уфе праходзіць саміт БРІКС і ШАС*, у якім бярэ ўдзел і Аляксандр Лукашэнка. Сёння, 8 ліпеня, адбылася яго сустрэча з кіраўніком Расіі Уладзімірам Пуціным.
kremlin.ru
Асноўную ўвагу кіраўнікі дзяржаў удзялілі двухбаковаму супрацоўніцтву ў гандлёва-эканамічнай і інвестыцыйнай сферах, пашырэнню культурна-гуманітарных кантактаў, узаемадзеянню ў рамках Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі, Мытнага саюза і Еўразійскага эканамічнага саюза, паведамляе прэс-служба Крамля.
Лукашэнка, у прыватнасці, адзначыў, што «цяпер ужо Сяргей Віктаравіч [Лаўроў, шэф расійскага МЗС] не будзе нас папракаць, што мы арыентаваны ў адзін толькі бок — на Захад. Я жартую, вядома. Мы будзем свае інтарэсы адстойваць і прадстаўляць агульныя інтарэсы ў арганізацыях. Я дзякую Вам».
Пуцін зрэагаваў: «Не толькі на захад Расійскай Федэрацыі, але і на іншыя рэгіёны».
Лукашэнка паправіўся: «Гэта дакладна — і Заўралле».
***
*ШАС — рэгіянальная міжнародная арганізацыя, заснаваная ў 2001 годзе Кітаем, Расіяй, Казахстанам, Таджыкістанам, Кыргызстанам і Узбекістанам.
БРІКС — група з пяці буйных краін: Бразілія, Расія, Індыя, Кітай, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка.