У першы дзень уступнай кампаніі, 8 ліпеня, Еўрарадыё завітала да Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў. З раніцы ля брамы акадэміі натоўп людзей — будучыя міліцыянеры і іх бацькі падаюць дакументы.

«Абітурыенты без бацькоў, пяць чалавек, падыдзіце да мяне», — робіць аб’яву міліцыянер на прахадной.

Пакуль будучыя выпускнікі падаюць дакументы, бацькі абмяркоўваюць у асноўным плюсы працы ў міліцыі:

— Ну вось глядзіце, працаваць трэба да 45 гадоў, пенсія вялікая, — разважае мужчына, звяртаючыся да суседкі. Яны прымасціліся на прыступках кавярні «Месца сустрэчы». — Пенсія ў маёй жонкі — 2,8 мільёна. А ў майго зяця, ён ваенны, — 4,2. Розніца ёсць! А ў вас хто паступае?

— Дзяўчынка. Ва «ўгалоўку» пойдзе, — адзываецца суседка.

— А колькі балаў? — цікавіцца неўтаймоўны мужчына.

— 265 набрала ў агульным.

— О! Дык пройдзе! Гэта лепей, чым на заводзе, чым муляр ці тынкоўшчык. А так будзе паперкі перакладаць, — радуе перспектывамі мужчына сваю суседку.

Абітурыент Зміцер захапляецца футболам і камп’ютарнымі гульнямі. Яго выбіраю з натоўпу, бо ён, у адрозненне ад усіх, апрануты па-святочнаму, адразу бачна: у чалавека мерапрыемства, ён падае дакументы. Зміцер — будучы юрыст і ведае, якім павінен быць міліцыянер:

«Смелым, дастойным, рашучым, з халоднай хваткай да ўсяго падыходзіць. Хачу быць міліцыянерам, бо гэта прэстыжна і высокааплатна».

На экзаменах здаваў рускую мову, ангельскую ды грамадазнаўства. Зміцер кажа, што планку нават пераскочыў.

Зусім іншае, можна сказаць, рамантычнае, бачанне прафесіі ў Максіма — будучы міліцыянер прыехаў з Валожынскага раёна, з вёскі Гародзькі.

Яго заўважаю па трохі разгубленым позірку. Кажа, што сучаснаму чалавеку не перашкодзіць быць адукаваным ды юрыдычна падкаваным чалавекам. Максім займаецца спортам, любіць бег, а любімы серыял — «Глухар».

«Будучы міліцыянер павінен быць шчырым, абавязкова шчырым! Фізічна развітым і заўсёды адстойваць закон, — пералічвае Максім. Прызнаецца, што здаў экзамены добра, але хваляваўся. Замест матэматыкі ў гэтым годзе ў Акадэмію міліцыі павінныя былі здаваць замежную мову — урэшце ў міліцыі з’явяцца кадры, якія разумеюць замежнікаў! — Асабліва хваляваўся на тэсце па нямецкай мове, але вынікі лепшыя, чым чакаў, — на 29 балаў напісаў, грамадазнаўства — 44 балы, а беларускую мову — на 26 балаў. Беларускую мову добра ведаю і размаўляю», — кажа Максім пра самы нізкі бал тэставання.

У натоўпе сустракаю прыгажуна Глеба. Хлопец — прафесійны спартсмен, рэспубліканскі прызёр па плаванні. Прызнаецца, што тэставанне здаў не вельмі добра, бо школу закончыў даўно. Рускую мову Глеб здаў на 19 балаў, англійскую — на 21, а грамадазнаўства — на 42. Глеб плануе праскочыць у акадэмію міліцыі:

«Міліцыянер павінен быць эталонам, у ім павінна быць усё. Усе характарыстыкі, якія павінныя быць у грамадзяніна. Залатая сярэдзіна. Калі вельмі добры — гэта і не міліцыянер, нават злосць міліцыянеру не зашкодзіць».

Павел прыехаў з Бараўлян, прафесію выбраў паўгода таму. Тэставанне здаў на 289 (!) балаў у агульным і займаўся самастойна — без рэпетытара.

«Міліцыянер павінен быць шчырым, не павінен быць прынцыповым. Патлумачу: каб ён мог адысці ад сваіх патрабаванняў, каб не нашкодзіць чалавеку. Трэба рабіць усё на дабро», — Павел захапляецца тэхнікай, рокам і металам, а таксама кнігамі.

«Апошняе прачытаў «12 крэслаў», — здзіўляе Павел.

Васіліна прыехала з Беразіно, хоча быць юрыстам і паспрабуе паступіць у акадэмію міліцыі, бо «тут добрая адукацыя».

«Канечне, цяжка вучыцца тут — жыццё ў казарме, нікуды не выпусцяць, але трэба прывучацца да дарослага жыцця!» — Васіліна перажывае, што дыскатэкі для яе будуць пад забаронай найбліжэйшыя пяць гадоў, але прэстыж прафесіі перамагае. Міліцыянер, на яе думку, павінен быць… здагадайцеся! Канечне, шчырым (гэта самы папулярны адказ), а таксама добразычлівым і адукаваным.

У акадэміі міліцыі для дзяўчат большы конкурс і больш жорсткія патрабаванні. Дзяўчына перажывае, што набрала толькі 250 балаў, а гэтага можа не хапіць.

Каб стаць курсантам акадэміі міліцыі, у мінулым годзе дастаткова было набраць 144 балы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?