Насельніцтва не будзе эканоміць цеплавую і электраэнергію, пакуль не будзе поўнасцю аплачваць затраты на гэтыя паслугі. Такое меркаванне выказаў начальнік аддзела арганізацыйна-прававой працы і ўзаемадзеяння з СМІ дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарта Віталь Крэцкі 9 ліпеня на круглым стале ў Мінску. 

«Калі насельніцтва будзе пакрываць сабекошт ці плаціць больш за яго, яно будзе само зацікаўленае ў эканоміі, укараняць у сябе нейкія інавацыі, змяняць лямпачкі на святлодыёдныя і г.д.», — адзначыў ён. 

Паводле слоў Крэцкага, у 2014 годзе насельніцтва недаплаціла да пакрыцця сабекошту цепла- і электраэнергіі 690 млн. долараў. У прыватнасці 580 млн. долараў недаплачана за цеплавую энергію. У цэлым беларусы пакрылі толькі 22,3% сабекошту цеплаэнергіі, сярэднегадавы тарыф для насельніцтва склаў — 8,97 долара/Гкал, затраты — 40,28 долара/Гкал. 

За электраэнергію насельніцтва летась недаплаціла 110 млн. долараў, сярэднегадавы тарыф склаў 7,9 цэнта за кВт•гадз, затраты — 9,43 цэнта/кВт•гадз. Такім чынам, насельніцтва кампенсавала 83,7% затрат на вытворчасць электраэнергіі, расказаў спецыяліст. 

У той жа час, адзначыў ён, гэтыя лічбы разлічаныя пры ўмове курсу долара 1 да 10 тыс. рублёў, і пасля дэвальвацыі беларускай валюты доля пакрыцця затрат некалькі знізілася. 

На думку кіраўніка праграмы па энергаэфектыўнасці Цэнтра экалагічных рашэнняў Дзмітрыя Буронкіна, дзяржаве павінна быць больш выгадна, каб насельніцтва эканоміла цепла- і электраэнергію, чым самому насельніцтву, паколькі яно аплачвае большую частку расходаў. «У насельніцтва патэнцыял вельмі вялікі, таму што прадпрыемствы свой патэнцыял рэалізуюць і так, таму што плацяць па высокіх тарыфах. А вось людзі свой патэнцыял не рэалізуюць практычна ніяк, таму што, па-першае, сэнсу няма з-за перакрыжаванага субсідавання, па-другое, няма проста стымулаў практычна ніякіх», — сказаў ён. 

Спецыяліст лічыць, што тарыф на цепла- і электраэнергію не павінен быць механізмам субсідый. «Тарыф — гэта элемент рынку, і ён павінен адпавядаць кошту паслугі. Калі дзяржава хоча кагосьці субсідаваць, то ўжо ўключаюцца механізмы субсідыі», — зазначыў ён. 

Як расказаў прадстаўнік ЦЭР, звычайна самыя бедныя людзі, на якіх больш негатыўна адбіваецца павышэнне тарыфаў, на самай справе спажываюць цепла- ці электраэнергіі менш за ўсіх, у той час як багатыя слаі насельніцтва, для якіх павышэнне тарыфаў не ўяўляе праблемы, і спажываюць больш за ўсіх. Як мяркуе Буронкін, у гэтай сітуацыі прасцей выбудаваць сістэму, «калі за кошт багатых, якія будуць плаціць больш, будуць субсідавацца тыя бедныя, якім не хапае грошай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?