Сёння раніцай недалёка ад гандлёвага цэнтра «Замак» і Палаца незалежнасці, дзе ўзводзяць амбасады Казахстана і Туркменістана, гараджане маглі бачыць натоўп працоўных мігрантаў. Будаўнікі з Туркменістана, Узбекістана, Украіны чамусьці адмовіліся ісці на пляцоўку і працаваць. Як высветлілася, працоўных не задаволіла якасць ежы, якую ім прывезлі на будоўлю.

Недалёка ад будоўлі сабралася прыкладна каля 200 чалавек. Большасць з іх — туркмены. У 10.20 да пляцоўкі пад'ехалі два аўтобусы, і працоўныя тут жа пабеглі да транспарту. «У нас сёння нацыянальнае свята, таму мы не працуем», — жартавалі працоўныя мігранты, сядаючы ў аўтобус. Праз хвіліну каля будоўлі заставалася ўжо менш за 80 чалавек. «Нас дрэнна кормяць, таму сёння не выйшлі на працу. А так усё добра, зарплаты своечасова выдаюць», — паспрабаваў расказаць падрабязнасці украінец, але ўсіх, хто не ўлез у аўтобус, прадстаўнікі адміністрацыі будоўлі адвялі ў бок. «Мы не можам нічога казаць, нас могуць за гэта пакараць», — нібы апраўдваючыся, сказаў рабочы.

Тым часам з аўтобусаў махалі рукамі задаволеныя рабочыя. «Свята ж — працаваць не трэба», — крыкнуў нехта.

Трэба адзначыць, што праца на будоўлі не спынілася. Частка будаўнікоў працягвала працаваць, а астатняя — чакала транспарту ўжо на тэрыторыі будучай амбасады Туркменістана.

Прыкладна праз паўгадзіны, да 10.50, вярнуліся аўтобусы і павезлі чарговую партыю незадаволеных мігрантаў у інтэрнат.

Кіраўніцтва аб'екта адмовілася выйсці і пракаментаваць сітуацыю. Праўда, пасля перамоваў з начальствам, падрабязнасці распавёў агент па забеспячэнні, які не пажадаў назвацца.

«Сёння працаўнікі заявілі, што не будуць працаваць, пакуль не будзе нармальнага хлеба. Дрэнны хлеб трапіўся, але не сапсаваны. Мякчэй быў ці што, чым звычайна. Субпадрадчык тут закупляе хлеб з завода, — растлумачыў агент па забеспячэнні. — Рабочыя такія капрызныя і эмацыйныя папаліся, не спадабалася ежа, прыйшлася ім не да спадобы».

Паводле яго слоў, кампанія-субпадрадчык гатуе для будаўнікоў туркменскія стравы з беларускіх прадуктаў. Кормяць рабочых тры разы на дзень. «Стравы спецыяльна прыгатавалі, што яны хочуць, то і гатуем. У нас першы раз такое з-за ежы атрымалася. Такіх выпадкаў не было і больш не будзе».

Заўтра працоўныя выйдуць на працу, запэўніў агент па забеспячэнні. «Нічога такога страшнага няма. Мы кантралюем сітуацыю і разбярэмся».

Прадстаўнік кампаніі удакладніў, што рабочым своечасова выплочваюць заробкі. «На будоўлі працуюць туркмены, узбекі, украінцы, туркі. Усе яны афіцыйна працаўладкаваныя па беларускім заканадаўстве, у іх ёсць працоўныя візы і яны працуюць па беларускіх нормах. Працуюць яны па звычайным графіку — 8-10 гадзін. Мы заўсёды своечасова разлічваемся з імі, з заробкам і ежай праблем ніколі не было, аплачваем інтэрнат».

На выхадзе з будоўлі мы заспелі яшчэ адну групу рабочых, якія чакалі аўтобуса, і пацікавіліся, чым ім так не спадабаўся беларускі хлеб. «Ён зусім не падобны на туркменскі хлеб, нейкі прэсны. Той, што сёння прывезлі, наогул немагчыма было есці. А хлеб жа для нас, лічы, амаль нацыянальная страва, без яго ніяк, вось і не выйшлі на працу», — сказаў адзін з рабочых. Паводле яго слоў, кіраўніцтва паабяцала вырашыць гэтую праблему. «А заробкамі мы задаволеныя, іх своечасова плацяць. І інтэрнат аплачваюць. У нас у кожным пакоі па тэлевізары, вельмі зручна», — запэўніў суразмоўца.

Нагадаем, гэта ўжо не першы выпадак, калі працоўныя мігранты ў Беларусі адмаўляюцца працаваць. 2 ліпеня ў Добрушы страйкавалі кітайцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?