Эўрасаюз і ЗША расьсеклі гордзіеў вузел Балканаў і сталі хроснымі бацькамі незалежнага Косава.

Гэтай дзяржавы не было б, каб не Югаславія. Гэта значыць, каб сэрбскі шавінізм, апрануты спачатку ў югаславянскія шаты. Гэтай дзяржавы не было б, каб ня НАТО (чытай — ЗША), якое сілай вывела гэтую тэрыторыю з-пад кантролю Бялграду. Гэтай дзяржавы не было б, і каб ня родная для касавараў альбанская мова.

Гісторыяй паўстаньня Косава можна ілюстраваць клясычную тэорыю нацыятварэньня. Гісторыя заканамернасьцяў і парадоксаў, вялікадзяржаўных амбіцыяў і этнічнага «я», якое не прыдушыць. А таксама гісторыю апекі: гэта праўда, што Эўропа і Амэрыка з этнічнай групы, якую яднала толькі мова і нянавісьць да «старшага брата», узгадоўваюць дзяржаўніцкую нацыю.

Нараджэньне дзяржавы

Парлямэнт Косава, які сабраўся ў нядзелю на экстранае паседжаньне, у другой палове дня адзінагалосна — 109 чалавек — прагаласаваў за абвяшчэньне незалежнасьці краю ад Сэрбіі. Дэлегаты ад сэрбскіх раёнаў не галасавалі.

«Мы вельмі доўга чакалі гэтага дня», — заявіў прэм’ер-міністар Косава, былы партызанскі камандзір Хашым Тачы, перш, чым зачытваць тэкст дэклярацыі пра незалежнасьць краю, насельніцтва якога складае 2 мільёны чалавек. Тачы заявіў, што Косава будзе імкнуцца стаць дзяржавай для ўсіх народаў, якія насяляюць край. Сэрбская меншасьць ня верыць у шчырасьць гэтых заяваў. Гісторыя дачыненьняў славянаў ды ілірыйцаў у Косаве далёкая ад ідыліі.

На вечаровай прэс-канфэрэнцыі Тачы і прэзыдэнт Фатмір Сэйдзіу заявілі, што будуць імкнуцца да прыязных стасункаў з усімі суседзямі. Тачы і Сэйдзіу заявілі, што мэта новай дзяржавы — эўраінтэграцыя, у тым ліку і ўваходжаньне ў НАТО.

У нядзелю таксама была зацьверджаная даволі безаблічная новая сымболіка незалежнай краіны — да гэтага выкарыстоўваўся альбанскі чырвоны сьцяг з арлом. Сьцягам сувэрэннага Косава стаў сіні штандар з жоўтым абрысам дзяржавы пасярэдзіне. Над абрысам — шэсьць зорак белага колеру, якія сымбалізуюць колькасьць этнічных групаў, што насяляюць Косава — альбанцы, сэрбы, цыганы, басьнійцы, туркі і ашкалі.

Увечары ў сталіцы новай краіны пачаўся сьвяточны канцэрт і народныя гуляньні.

Прызнаньні і непрызнаньні

Першымі незалежнасьць Косава прызнаў Аўганістан, а даверчыя лісты ў Прышціне першым уручыў пасол Турцыі. ЗША і некаторыя краіны Эўрасаюзу, у тым ліку Брытанія, Францыя, Нямеччына й Італія, ужо ў панядзелак заявілі, што прызнаюць Косава. Асабліва пасьлядоўна падтрымлівалі незалежніцкія памкненьні Косава амэрыканцы — маніфэстанты ў Прышціне разам з нацыянальнымі штандарамі ў дзень абвяшчэньня незалежнасьці масава размахвалі зоркава-паласатымі.

Аднак прынамсі пяць чальцоў Эўрасаюзу — Кіпр, Грэцыя, Славаччына, Гішпанія й Румынія (апошняя — нягледзячы на дыпляматычны ціск Парыжу) — далі зразумець, што ня будуць адразу прызнаваць новай дзяржавы. Урады гэтых краінаў баяцца, што факт незалежнасьці Косава актывізуе сэпаратысцкія рухі ў іх дома.

Пра сваё жаданьне прызнаць незалежнасьць абвясьціла Літва, якая сама нядаўна знаходзілася ў стане «самаабвешчанай незалежнасьці». У той жа час уплывовая польская «Газэта Выборча» вуснамі свайго камэнтатара напісала, што гэтымі днямі «Сэрбія патрабуе маральнае падтрымкі».

Сэрбія катэгарычна супраць незалежнасьці Косава, яна па-ранейшаму лічыць край сваёй правінцыяй. Праваслаўны япіскап Косава Арцемі заклікаў сэрбаў прывезьці на дапамогу расейскіх добраахвотнікаў і са зброяй у руках бараніць «калыску сэрбскае айчыны».

Прэзыдэнт Сэрбіі Барыс Тадзіч заявіў, што ягоная краіна «ніколі не прызнае незаконнай незалежнасьці Косава». Таксама ён сказаў, што Бялград мае права ўжыць эканамічныя і палітычныя санкцыі, аднак выключае ваеннае ўмяшальніцтва. «Хопіць, Сэрбія ўжо наваявалася», — неаднаразова заяўляў Тадзіч падчас сваёй прэзыдэнцкай кампаніі.

Міжнароднае права

Выпадак Косава чарговы раз агаліў унутраную супярэчнасьць у Хартыі ААН, дзе ў першым артыкуле гаворыцца пра самавызначэньне нацыяй, a ў другім пра непарушнасьць межаў. Гэта дазваляе інтэрпрэтацыю з пазыцыі нацыянальных інтарэсаў тае ці іншае краіны.

Вось Турцыя. Турэцкі пасол першы ўручыў у Прышціне свае даверчыя лісты. Анкара адзіная на сьвеце краіна, што прызнае сэпаратысцкую Турэцкую Рэспубліку Паўночнага Кіпру, якую сама арганізавала, заваяваўшы поўнач вострава. Адначасова Турцыя не прызнае армянскага Карабаху. Прытым Турцыя ваюе з курдзкімі партызанамі нашмат больш крывава, чым Мілошавіч — з Арміяй Вызваленьня Косава, і пагражае вайной у выпадку, калі Курдыстан у суседнім Іраку абвесьціць незалежнасьць.

А вось Расея. Маючы Чачэнію і дзясяткі іншых аўтаноміяў, катэгарычна супраць незалежнасьці Косава.

У Эўрасаюзе за незалежнасьць Косава рукамі і нагамі выступаюць каталёнцы, баскі, шатляндцы і іншыя пакрыўджаныя гісторыяй народы. За незалежнасьць таксама вялікія дзяржавы — Нямеччына, Брытанія, Францыя, з розных меркаваньняў — часам ідэалістычных, часам рэалістычных. Супраць Гішпанія (што баіцца мірнага самараспаду), Румынія (з салідарнасьці з братамі-малдаванамі, якія маюць Прыднястроўе), вагаецца Славаччына (бо раёны кампактнага пражываньня вугорцаў мяжуюць зь іх мэтраполіяй), Кіпр (і Грэцыя разам зь ім).

Парушэньне прынцыпу непарушнасьці межаў чапляе самыя розныя краіны. Таму, напрыклад, Шры?-Ланка, скрываўленая вайной з тамільскімі незалежнікамі, пабачыла ў Косаве «пагрозу міру ва ўсім сьвеце».

Аднак у сытуацыі вакол Косава бачныя й пазытыўныя тэндэнцыі. Па?першае, кепскі мір лепшы за добрую вайну. Па-другое, сэрбскія вярхі дэманструюць новую якасьць — стрыманасьць. Вільня таксама важная для самасьвядомасьці беларусаў, як Косава для сэрбаў, а Канстантынопаль важны для грэкаў, але ні беларусы, ні грэкі не ідуць адваёўваць свае памяткі. Гэта паказвае, што выйсьце бывае з самых безвыходных сытуацыяў. Фактам было, што косаўскія альбанцы адмаўляліся жыць пад сэрбамі, а сэрбы адмаўляліся адпусьціць іх зь мірам. Такая, залежная ад ЗША і Эўропы, незалежнасьць, прынамсі, дае магчымасьць мірнага разводу. Як паказвае прыклад СССР ці Чэхаславаччыны, праходзіць ня так шмат часу, і пра развод ужо ніхто не шкадуе. Сьвет мае-такі шанец рабіцца і справядлівейшым, і бясьпечнейшым адначасова.

Доўгі шлях да самастойнасьці

Косава пачало барацьбу за незалежнасьць у 1970-я, калі край нават ня меў дзяржаўнага статусу ў былой Югаславіі. Агмянём нацыянальна-вызвольнае барацьбы быў унівэрсытэт Прышціны, а маральным лідэрам руху — філёзаф Ібрагім Ругова, які памёр нядаўна, так і не пабачыўшы сваёй краіны цалкам незалежнай, але засьпеў фармаваньне самастойных дзяржаўных структураў пад апекай Эўропы і ЗША.

Косава займае 10 тыс. кв. кілямэтраў (гэта чвэрць плошчы Менскай вобласьці), а насельніцтва мае крыху большае за 2 млн чалавек. Больш за 90% новай краіны складаюць альбанцы. 120 тыс. сэрбаў пражываюць у раёнах на поўначы Косава, а таксама анклявах. На тэрыторыі новай краіны дзейнічае таксама сьвет праваслаўных сэрбскіх манастыроў: Мітравіца, Грачаніца, Дэкані, Прызрэн, Печ і іншыя.

Беларусь не прызнала

Міністэрства замежных справаў Беларусі заявіла, што не прызнае незалежнасьці Косава. «Рэспубліка Беларусь лічыць, што ўрэгуляваньне пытаньня пра статус краю Косава і Мэтохія мусіць праходзіць у міжнародна-прававой плоскасьці на падставе рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН 1244 (1999)». «Рэспубліка Беларусь пэўная, што адзіным шляхам пераадоленьня напружанасьці й дасягненьня стабільнасьці ў рэгіёне застаецца палітычнае ўрэгуляваньне, якое прадугледжвае вяртаньне да перамоўнага працэсу між Бялградам і Прышцінай пры магчымым удзеле міжнародных пасярэднікаў», — гаворыцца ў паведамленьні МЗС Беларусі.

Дзяржаўная прапаганда выкарыстала Косава для ўмацаваньня масавых забабонаў што да Захаду, аднак большасьць беларусаў падыходзяць да косаўскага пытаньня — вельмі абстрактнага — з пазыцыі хутчэй уласных ідэяў. Адны маюць сымпатыі да ўсіх незалежніцкіх рухаў — пытаньне незалежнасьці застаецца ў Беларусі спалітызаваным. Другія маюць постплемянныя або крыптарасейскія сымпатыі да славянаў. Трэція, наадварот, ацэньваюць косаўскі вузел праз прызму сваёй антыпатыі да ЗША або да мусульманаў. Няма таго, як у 1999 г., калі лукашысты аднолькава асуджалі «натаўскіх агрэсараў», а незалежнікі цешыліся «паразе Мілошавіча». Беларускае грамадзтва стала за гэтыя гады больш фрагмэнтаваным.

Дзяржава, але ці нацыя таксама?

Дзяржавай Косава стала, і пытаньне прызнаньня — гэта толькі пытаньне часу. Ці стане Косава нацыяй? Ці з часам яно папросту далучыцца да Альбаніі? Сёньня з Тыранай касавараў лучыць мова, але падзяляюць гістарычны досьвед і кланавыя адрозьненьні. Многа будзе залежаць ад ангажаванасьці амэрыканцаў і эўрапейцаў у новай краіне. Будуць яны толькі трымаць мір ці будуць таксама дапамагаць выбудаваць нацыянальныя інстытуты, дзяржаўны апарат, сілы бясьпекі?

Эўрасаюз да Косава бліжэйшы, але ЭС ня мае досьведу нацыятварэньня. Гэта новы выклік для эўрапейцаў, адзіным папярэднім досьведам была Босьнія і Герцагавіна, і вынік яго пакуль больш чым няясны. Зь іншага боку, перанос інтэграцыйных працэсаў з рэгіянальнага на кантынэнтальны ўзровень дае большую самастойнасьць рэгіёнам памерам з Косава ў самой Эўропе, прычым такім, дзе нацыянальная тоеснасьць не мацнейшая за косаўскую.

ЗША маюць большую практыку. Яны паставілі на ногі Карэю, Тайвань, Ізраіль (Нямеччына, Японія, Італія былі трохі іншымі выпадкамі). Цяпер спрабуюць тое самае зрабіць з Іракам, Аўганістанам. Аднак калі ЗША аслабнуць, Косаву прыйдзецца цяжэй без абарончага парасона ў атачэньні варожых дзяржаваў побач з слабой Альбаніяй. Калі ЗША аслабнуць, ніхто не застрахаваны ад новай балканскай вайны з удзелам усіх старых знаёмых — Турцыі, Сэрбіі, Грэцыі…

Будучыня Косава залежыць ад будучыні замежнай палітыкі Вашынгтону. Хоць пасьля прэзыдэнцтва Буша — аднаго з найслабейшых і найменш папулярных ва ўласнай краіне і ў сьвеце кіраўнікоў ЗША — Штаты могуць ажыцьцявіць паварот, але, напэўна, не такі істотны, каб адмовіцца ад ідэйных і геапалітычных прыярытэтаў у «мяккім падчарэўі Эўропы», як калісьці назваў Балканы Чэрчыль. Косаўскія альбанцы папросту скарысталіся тым, што сьвет стаў глябальны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?