У кастрычніку 2014 для супрацоўнікаў Аналітычна-аператыўнага цэнтра італьянская кампанія Hacking Team праводзіла прэзентацыю свайго прадукту Da Vinci.

Пра гэта сведчыць справаздача Hacking Team, якая была знойдзена ў архіве дакументаў, скрадзеных у кампаніі.

Невядомая група хакераў атрымала доступ да аўдыёзапісаў, паведамленняў электроннай пошты і фінансавай справаздачнасці Hacking Team і выклала 400 гігабайт дакументаў на торэнт-трэкер BitTorrent 5 ліпеня. Таксама хакерам удалося ўзламаць Twitter-акаўнт кампаніі і выкласці некаторыя скрыншоты дакументаў.

У справаздачы сказана, што сустрэча была арганізавана падчас выставы ўзбраенняў Milipol-2014 у горадзе Доха (Катар).

На прэзентацыі прысутнічалі супрацоўнікі Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце Беларусі (ААЦ), аднаго з якіх звалі Аляксей Цымбалай (Alyaksey Tsymbalay).

У інтэрнэце адшукаць Аляксея Цымбалая не ўдалося, аднак існуе Аляксей Цымбалаў, член аматарскай хакейнай каманды «Бастыён». У гэтай жа камандзе гуляе старэйшы сын прэзідэнта Віктар Лукашэнка, які курыруе сілавыя структуры і лічыцца заступнікам ААЦ.

«Вельмі зацікавіліся. Задавалі шмат пытанняў», — адзначана ў справаздачы.

У другой справаздачы тыднем пазней супрацоўнік Hacking Team піша, што патэнцыйныя кліенты ўражаныя прадстаўленым прадуктам і гатовыя абмеркаваць далейшае супрацоўніцтва з аддзелам продажаў.

З дакументаў не ясна, ці складзеная здзелка на дадзены момант ці бакі ўсё яшчэ працягваюць перамовы.

Праграмны пакет Da Vinci характарызуюць як адзін з самых магутных шпіёнскіх прадуктаў, якія існуюць на дадзены момант у свеце. Набор прыкладанняў дазваляе сачыць не толькі за актыўнасцю людзей у сетцы, але таксама праслухоўваць тэлефонныя размовы і чытаць тэкставыя паведамленні, у тым ліку якія перадаюцца па абароненых каналах.

Кошт сістэмы DaVinci меркавана складае каля 200 тысяч еўра, у яе закладзены абавязацельствы пастаянна абнаўляць і падтрымліваць прадукт да таго моманту, пакуль канчатковая мэта атакі (атрыманне патрэбнай інфармацыі) не будзе дасягнута.

Кліентамі Hacking Team станавіліся адыёзныя арганізацыі і рэжымы па ўсім свеце, таму распрацоўшчык знаходзіцца пад пастаяннай крытыкай праваабаронцаў. «Рэпарцёры без межаў» прылічылі кампанію да ворагаў інтэрнэту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?