Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка па выніках Уімблдонскага турніру паднялася на 5 радкоў у абноўленым рэйтынгу WTA і ўвайшла ў дваццатку найлепшых у свеце.

На Уімблдоне Вікторыя Азаранка дабралася да чвэрцьфіналу, дзе ў трох сэтах саступіла будучай пераможцы турніру, першай ракетцы планеты амерыканцы Серэне Уільямс.

У выніку Азаранка паднялася ў рэйтынгу з 24-га на 19-е месца.

У дваццатцы наймацнейшых Азаранка не было з верасня 2014 года, калі яна саступіла ў чвэрцьфінале US Open і выбыла з топ-20, апусціўшыся на 24-е месца. З тых часоў падзенне Азаранка, што пачынала 2014-ы другой ракеткай свету, працягвалася да лютага гэтага года і спынілася на адзнацы «49» рэйтынгу (гэта быў горшы паказчык з ліпеня 2007 года). Пасля чаго беларуска паступова стала адваёўваць пазіцыі.

У 40 наймацнейшых Азаранка вярнулася 2 сакавіка, у топ-30 — 11 мая, у топ-25 — 15 чэрвеня.

Верагодна, пазіцыі беларускі сёння маглі быць і вышэйшыя, але на шляху Азаранка на буйных турнірах некалькі разоў станавілася менавіта Серэна Уільямс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?