У Беларусі члены садоўніцкіх таварыстваў будуць рабіць роўныя ўзносы незалежна ад памеру ўчастка. Гэта прадугледжана ўказам №323, які Аляксандр Лукашэнка падпісаў 13 ліпеня.

Для ўдасканалення прававога рэгулявання дзейнасці садоўніцкіх таварыстваў уносяцца дапаўненні і змяненні ва ўказ нумар 50 ад 28 студзеня 2008 года. Пашыраецца пералік пытанняў выключнай кампетэнцыі агульнага сходу таварыства і не падлягаючых перадачы для разгляду сходу ўпаўнаважаных. Гэта выключэнне з членаў таварыства, прыняцце рашэнняў аб яго рэарганізацыі і ліквідацыі, зацвярджэнне перадатачнага акта або раздзяляльнага балансу.

Агульнаму сходу таварыства прадастаўляецца таксама права прымаць асоб, якія не з'яўляюцца яго членамі, на работу ў якасці старшыні праўлення, казначэя. Пры гэтым аб выбранні (вызваленні ад займаемай пасады) старшыні праўлення таварыства павінна паведаміць у выканкам у 10-дзённы тэрмін з даты заключэння (скасавання, спынення) працоўнага дагавора.

Указам устанаўліваецца абавязак членаў таварыства ўносіць членскія ўзносы ў роўным памеры незалежна да велічыні зямельных участкаў, якія знаходзяцца ў іх, паколькі ўзносы прызначаны для фінансавання агульных бягучых расходаў таварыства. Вызначаць канкрэтныя памеры ўзносаў і тэрміны іх унясення па-ранейшаму будзе агульны сход або сход упаўнаважаных.

Статуты таварыстваў, зарэгістраваных да ўступлення ў сілу ўказа нумар 323, падлягаюць прывядзенню ў адпаведнасць пры першым унясенні ў іх змяненняў, дапаўненняў. Да гэтага моманту яны дзейнічаюць у частцы, што не супярэчыць яму.

Акрамя таго, указ прадастаўляе выканкаму права пры выяўленні незарэгістраваных зямельных участкаў накіроўваць грамадзянам прадпісанні аб неабходнасці звярнуцца па дзяржаўную рэгістрацыю ў месячны тэрмін з дня яго атрымання. Невыкананне патрабаванняў прадпісання будзе з'яўляцца падставай для адабрання зямельнага ўчастка.

Указ нумар 323 уступае ў сілу праз шэсць месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?