ААТ «Алтайвагон» звярнулася ў Арбітражны суд Масквы з іскам аб спагнанні з Асіповіцкага вагонабудаўнічага завода больш як 308,7 млн расійскіх рублёў (5,4 млн даляраў).

Як паведаміла прэс-сакратар суда Алена Фартунатава, іскавая заява ад «Алтайвагона» на Асіповіцкі вагонабудаўнічы завод (АВЗ) паступіла ў Арбітражны суд Масквы і зарэгістраваная 2 ліпеня, дата разгляду іска пакуль не прызначана. Паводле слоў Фартунатавай, іск тычыцца доўгу асіповіцкіх вагонабудаўнікоў перад алтайскімі партнёрамі ў памеры 308 млн 726 тысяч 251 расійскі рубель.

«Гэта знешнеэканамічная здзелка. У нас ёсць валютнае заканадаўства, яно павінна выконвацца ў тэрмін — у тэрмін, які мы дамовіліся з контрагентам. Мы неаднаразова ішлі насустрач, працягвалі тэрміны аплаты. Нас запэўнівалі, нам давалі графікі плацяжоў, толькі, па сутнасці, гэта атрымлівалася зацягваннем часу. Тэрміны не выконваліся, гарантыі не выконваліся. Кіраўніцтва прыйшло да цяжкага рашэння — паспрабаваць уздзейнічаць праз арбітражны суд», — расказаў намеснік начальніка юрыдычнага аддзела «Алтайвагона» Андрэй Савачкін. 

Паводле яго слоў, асіповіцкія вагонабудаўнікі не расплачваліся за пастаўленыя камплектуючыя каля года, тым самым абцяжарваючы фінансавую сітуацыю на прадпрыемстве-пастаўшчыку. «У нас таксама ёсць запазычанасці, і дзякуючы ў тым ліку і гэтай запазычанасці, у нас фінансавыя цяжкасці працяглыя ўзніклі», — заявіў юрыст «Алтайвагона».

Разам з тым, паводле яго сцвярджэння, у Асіповіцкага вагонабудаўнічага завода яшчэ ёсць час, каб добраахвотна пагасіць запазычанасць. «Калі да вынясення рашэння суда будзе пагашана запазычанасць, мы маем права адклікаць іск і не даводзіць справу да штрафных санкцый», — зазначыў Савачкін. Паводле яго слоў, няма ніякіх перашкодаў да далейшага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва двух прадпрыемстваў пасля таго, як асіповіцкія вагонабудаўнікі разлічацца па даўгах.

«Сапраўды, паміж АВЗ і «Алтайвагонам» маюцца дагаворныя адносіны. Гэтыя дагаворныя адносіны цягнуцца з 2014 года. Была пастаўка вагонакамплектуючых. Яны былі пастаўлены, маюцца пэўныя даўгавыя абавязацельствы перад Алтаем. Мы і яны зацікаўленыя ў далейшым плённым супрацоўніцтве, шукаем магчымасці вырашэння гэтых пытанняў, як нам усё гэта выправіць, даўгі пагасіць», — заявіў начальнік дагаворна-прававога аддзела асіповіцкага завода Алег Ткач.

Паводле яго слоў, прычына ўтварэння запазычанасці «цалкам і поўнасцю аб'ектыўная». «Аб'ём пастаўкі, які быў замоўлены, быў разлічаны на праграму вытворчасці на два месяцы. Праграма вытворчасці на два месяцы будавалася ў залежнасці ад наяўных дагавораў са спажыўцом. Але наш спажывец змяніў умовы дагавора. Таму ў нас утварылася запазычанасць», — растлумачыў Ткач.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?