Прадстаўнікі бурацкай моладзі Расіі знялі відэа, у якім звяртаюцца да ўкраінскага народа. На запісе маладыя хлопцы і дзяўчаты па чарзе прамаўляюць фразы, якія складаюцца ў адзіны тэкст паслання. 

«Мы, баявыя бураты Пуціна, звяртаемся да перапужаных жыхароў Украіны. Вы настолькі паддаліся параноі, што баіцеся свайго ценю. Некалі братэрскія народы робяцца для вас ворагамі. Вы будуеце заслоны, адмаўляецеся ад сваёй гісторыі, ведзяцеся на правакацыі», – пераканана кажуць маладыя людзі.

Відавочна, што фотаздымкі і паказанні бурацкіх ваеннаслужачых УС РФ не здаюцца аўтарам звароту праўдападобнымі: «Вам усюды мрояцца то бураты, то рускія, то чачэнцы, то агенты з ГРУ. Нібыта на вас апалчыліся ўсе шматлікія народы вялікай Расіі… Калі б мы былі на Украіне, то ўсёй алігархічнай хунце, якая падманвае і палохае ўкраінцаў, прыйшоў бы канец», – заяўляюць яны ўкраінцам.

Не змаглі яны пакінуць без крытыкі і ўкраінскую ўладу: «Баяцца трэба тых, хто ўзброеным шляхам прыйшоў да ўлады, чые думкі ўжо даўно на ўзбярэжжы Сан-Францыска, а рука дагэтуль у кішэнях перапужаных украінцаў».

Ну а Расія, на іх думку, ні ў чым не вінаватая: «Расіі дакладна нявыгадны разрыў мільёнаў эканамічных і сямейных сувязяў. Расіі патрэбен моцны і самастойны сусед».

«Бураты – добрыя, моцныя і гасцінныя людзі, якія любяць свой край, сваю радзіму Расію і свайго лідара Уладзіміра Пуціна», – падсумоўвае дзяўчынка на відэа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?