На краўдфандынгавыам сэрвісе Kickstarter лонданская кампанія KAZ Designs сабрала грошы на стварэнне KAZbrella — парасонаў, што раскрываюцца «наадварот».
«Парасоны існавалі тры тысячы год і ў іх заставаліся недахопы ў дызайне… да нядаўняга моманту», — пішуць стваральнікі парасона, што складваецца «наверх» падобна кветцы.
Стваральнікі сцвярджаюць, што такі парасон не намочыць падлогу пасля дажджу, лёгка раскрываецца і складваецца ў цесных памяшканнях ці ў натоўпе ды не зламаецца ад моцнага ветру.
На стварэнне такіх парасонаў брытанцы прасілі 25 тысяч фунтаў (каля 38,7 тысяч даляраў), але сабралі на парадак больш: 265 тысяч фунтаў (каля 411 тысяч даляраў).
Папярэдне замовіць KAZbrella на Kickstarter можна было за 35 фунтаў (54 даляры). Калі «антыпарасоны» паступяць у масавы продаж, пакуль не паведамляецца.