Сінод Беларускай праваслаўнай царквы ўхваліў рашэнне Архірэйскай рады Мінскай мітраполіі аб тым, што трэба прыняць адзіную форму назвы прыходаў і манастыроў.

Пра гэта гаворыцца ў часопісах пасяджэння Сінода БПЦ, якія апублікаваныя на афіцыйным сайце Беларускага Экзархата.

У часопісах тлумачыцца, што ў сувязі з утварэннем новых епархій Мінскай мітраполіі ў бліжэйшы час трэба будзе ажыццявіць дзяржаўную перарэгістрацыю статутаў прыходаў і манастыроў.

«Некаторыя манастыры і прыходы былі зарэгістраваныя з прыстаўкай «Свята» («Свята-Нікольскі», «Свята-Успенскі» і г.д.), а некаторыя — з найменнем без прыстаўкі («Нікольскі» ці «Успенскі»). Гэтыя розначытанні выклікаюць у людзей пытанні накшталт: «Няўжо ёсць святыя і не святыя храмы?» — гаворыцца ў дакуменце.

У выніку яны будуць называцца без гэтай прыстаўкі.

Таксама сінод, у прыватнасці, вырашыў, што Свята-Дабравешчанскі Лядзенскі мужчынскі манастыр у вёсцы Малыя Ляды Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці ў далейшым трэба называць: «Лядзенскі мужчынскі манастыр у гонар Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы вёскі Малыя Ляды Смалявіцкага раёна Барысаўскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы».

Епіскапы, якія кіруюць нядаўна ўтворанымі ў Мінскай вобласці епархіямі, зробяць захады для своечасовай перарэгістрацыі парафій. Таксама ў часопісах тлумачыцца, што пасведчанні аб дзяржрэгістрацыі гэтых епархій (Барысаўскай, Слуцкай і Маладзечанскай) былі ўручаны епіскапам 8 красавіка 2015 года.

Сінод вырашыў таксама змяніць склад Царкоўнага суда БПЦ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?