На трох сталічных пляцоўках 17—19 ліпеня пройдзе першы фестываль авіяцыйнага спорту «70 гадоў мірнага неба», паведаміў 14 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску старшыня Беларускай федэрацыі авіяцыйнага спорту Аляксандр Цэнтэр.

Цягам трох фестывальных дзён пройдуць Міжнародны кубак па паветраплавальным спорце, верталётныя гонкі, авіяшоу, масавы парашутны дэсант, дзіцячы дзень і многае іншае.

Паводле слоў Цэнтэра, чакаецца, што ў мерапрыемстве возьмуць удзел 70 паветраных шароў з розных краін свету, якія будуць узнятыя ў паветра адначасова. Таксама арганізатары плануюць устанавіць рэкорд па колькасці аэрастатаў, якія адначасова праляцяць над горадам. Усяго плануецца ўдзел прыкладна 200 спартсменаў з васьмі краін.

Урачыстае адкрыццё фестывалю адбудзецца апоўдні 18 ліпеня на аэрадроме «Баравая», аднак вечарам 17 ліпеня мінчане змогуць назіраць у небе першы спартыўны палёт паветраных шароў над тэрыторыяй аэрапорта Мінск-1, якая будзе адкрытая для гледачоў. Шары ўзнімуцца ў паветра яшчэ тры разы — у суботу і нядзелю раніцай. А 18 ліпеня вечарам пасля заходу сонца ў небе над стэлай «Мінск — горад-герой» адбудзецца начное свячэнне паветраных шароў.

Таксама ў суботняй праграме — паказальныя скачкі парашутыстаў: з 500-метровым сцягам Беларусі, купальная парашутная акрабатыка, а таксама з межава малой вышыні. Самалёт ЯК-52 пакажа фігуры вышэйшага пілатажу.

У дзень адкрыцця фестывалю галоўнай спаборнай падзеяй будуць верталётныя гонкі, у якіх возьмуць удзел прыкладна 30 чэмпіёнаў Еўропы і свету ў складзе 16 наймацнейшых экіпажаў з Беларусі, Расіі і Украіны. Сачыць за бітвамі будзе міжнародная судзейская каманда. Суперфінал верталётных гонак пройдзе ў нядзелю 19 ліпеня.

Генеральны сакратар Беларускай федэрацыі авіяцыйнага спорту, спартсмен-парашутыст, чэмпіён свету Антон Быстроў паведаміў, што зараз нацыянальная зборная рыхтуецца да сур'ёзных спаборніцтваў — Сусветных авіяцыйных гульняў, якія пройдуць у снежні 2015 года ў Дубаі (ААЭ), і гэты фестываль — апошні этап падрыхтоўкі да іх.

Фестываль прысвечаны 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Яго арганізатарамі выступаюць ГА «Беларуская федэрацыя авіяцыйнага спорту» і кампанія «Аэратур-Балунс». Генеральны партнёр — група кампаній «А-100».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?