Упершыню пасля 2002 года беларускія біятланісты засталіся без медалёў чэмпіянату Еўропы

Выступленне беларускіх біятланістаў на чэмпіянаце Еўропы ў Чэхіі стала самым няўдалым пасля 2002 года: зборная вяртаецца дадому без медалёў.

24 лютага, у заключны дзень спаборніцтваў, у эстафетных гонках мужчынскі і жаночы квартэты занялі сёмыя месцы. За мужчынскую каманду выступалі Сяргей Новікаў, Аляксандр Сыман, Сяргей Сімцоў і Рустам Валіулін, за жаночую — Анастасія Грушэцкая, Надзея Скардзіна, Карына Савосік і Вольга Цецярук.

Апошнія пяць гадоў прадстаўнікі Беларусі заўсёды заваёўвалі медалі чэмпіянату Еўропы: у 2007 годзе — 6 (3 залатыя, 1 сярэбраны і 2 бронзавыя), у 2006‑м — 6 (4, 1, 1), у 2005‑м — 1 (1, 0, 0), у 2004‑м — 7 (2, 3, 2), у 2003‑м — 8 (1, 3, 4).

У агульным медальным заліку ЧЕ‑2008 першае месца падзялілі Расія і Украіна (па 3, 1, 2). Далей — Малдова, Польшча (па 1, 0, 0), Нарвегія (0, 3, 1), Чэхія (0, 2, 2), Германія (0, 1, 0) і Балгарыя (0, 0, 1).

Еўрапейскае першынство 2009 года пройдзе ва Уфе (Расія).

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0