Жанр: мультфільм, камедыя, сямейны
Рэжысёр: Кайл Балда, П’ер Софін
У ролях (агучка): Сандра Балак, Джон Хэм, Майкл Кітан, Элісан Джэні, Стыў Куган, Джэніфер Сондэрс
ЗША, 91 хв.
Адзнака: 5
Міньёны — жоўтыя памочнікі зладзеяў, якія існуюць спрадвеку. Яны маюць толькі адну мэту — служыць самым амбіцыйным са злачынцаў.
Пасля таго, як міньёны па сваёй дурасці знішчылі сваіх гаспадароў, уключна з Дракулай, тыраназаўрам Рэксам і Напалеонам, яны ізаляваліся ад свету і пачалі новае жыццё ў Антарктыдзе.
Аднак у 1960-х адсутнасць гаспадара давяла іх да дэпрэсіі, таму Кевін, Сцюарт і Боб адправіліся шукаць новага. Тройца трапляе на злачынную канферэнцыю, дзе вырашае змагацца за права быць прыслужнікамі Скарлет Оверкіл, стылёвай ліхадзейкі, якая мае надзвычай амбіцыйныя мары.
Анімацыйная стужка з’яўляецца адначасова прыквелам (гісторыя падзей да асноўнага фільма) і спінофам (адгалінаванне асноўнага сюжэта ранейшага твора) серыі мультфільмаў «Брыдкі я» (2010, 2013) і апавядае пра тое, як з’явіліся міньёны і што з імі адбывалася да сустрэчы са злодзеем Гру.
Суперзладзейку ў мультфільме сыграла і агучыла Сандра Балак. Гэта першая адмоўная гераіня актрысы.
«Кожны акцёр скажа, што заўсёды хацеў сыграць ліхадзея. Гэта ж такая палёгка! Заўсёды робім з сябе дабракоў, а тут можна паказаць сваю сапраўдную сутнасць», — пажартавала Балак з гэтай нагоды.
Стваральнікі праекта надалі кожнаму герою асаблівы твар. «Для нас важна ствараць глыбокіх персанажаў, якія не ёсць плоскімі, а маюць характар. І ўсе ж мы глядзім на зло праз прызму камедыі. Знаходзім смешнае ў дрэнным», — расказаў прадзюсар Крыстафер Меледандры. Рэжысёр П’ер Софін сам агучыў усіх 899 міньёнаў: істоты імітуюць мову, толькі часам ужываючы зразумелыя словы.
Сюжэт круціцца вакол смешных і няёмкіх сітуацый, у якія трапляюць міньёны, спрабуючы дапамагаць сваім гаспадарам. Фонам для падзей стала Вялікабрытанія — яе абірае Скарлет Оверкіл для здзяйснення сваіх мараў.
Мультфільм мае рэйтынг 6+ і падыходзіць для сямейнага прагляду.