Не пужайцеся: ніякай палітыкі, ніякай крытыкі — толькі голы факт з крамы «Еўраопт». Без фотаздымкаў. Фатаграфаваць наш росквіт нельга, каб пазбегнуць чаго? Каб зласліўцы інфаркт ад зайздрасці не схапілі! Так, у краму, па кефір… Торбу трэба пакінуць пры ўваходзе, у камеры захоўвання. Трафарэт: «Адміністрацыя за захаванасць рэчаў адказнасці не нясе». І правільна робіць! Злачыннасць у нас (калі верыць справаздачам МУС, а ўсе вераць) штогод зніжаецца. Хутка будзе практычна роўная нулю.

Ячэйкі месцяцца па беларускім дызайне — ніжнім шэрагам можна скарыстацца толькі ў трох позах: 1) на кукішках; 2) у позе «прачкі»; 3) лежачы на падлозе.

Верхні шэраг часткова адчынены, а часткова заклеены паперчынай з надпісам «Не працуе».

Законапаслухмяная, як і ўвесь народ, бабуля прысела на кукішкі і павалілася на падлогу. Узрост не той, ды і спартыўных пабудоў для тых, каму за 80, недастаткова…

Устаць бабулька змагла, але толькі на калені. Я дапамагла падняцца.

— Што, бабуля, кепска?

— А што зробіш?

Вось так, пытаннем на пытанне! А нічога не зробіш! Падняць ніжні шэраг ячэек на адзін метр — гэта нікому ў галаву не прыйдзе: ні адміністрацыі крамы, якая адказнасці не нясе, ні ахоўнікам, ні дызайнераў праекта гэта не зачэпіць.

«Што зробіш?» Самыя на каленях стойце! Вас гэта задавальняе. Любая крытыка ўспрымаецца так, быццам ты вораг, радзіму прадаеш або яшчэ што горшае. Не падабаецца — з’язджай!

А вось мне ўсё падабаецца! Падабаецца наша міліцыя. Падабаецца наш гандаль, чэсны і ветлівы. Падабаецца датэрміновае галасаванне, падабаецца мой ЖЭС, ЖРЭА, ахова здароўя.

Каго я яшчэ забыла? Наш народ, які жыве па прынцыпе бабулі на каленях у «Еўраопце»: «А што зробіш?».

Так і жывіце! Нічога не рабіце. Цішэй будзе, а то вакол Майданы, Емены, Сірыя з Лівіяй, даляр скача, як шалёны конь. Нам жа спакойна, чыста, уежна… І жанчыны найпрыгажэйшыя ў свеце, а гэта і ёсць нашае простае беларускае шчасце!

Таццяна Канстанцінаўна Карэліна, Мінск, адна з «самых» у свеце

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0