Гісторыя2929

Валянцін Стэфановіч: Як праходзілі выбары ў 1994 годзе. Асабістая гісторыя

Пачатак чарговай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі і летняя спёка нагадалі мне пра далёкія падзеі чэрвеня 1994 года – пра першы тур першых у гісторыі незалежнай Беларусі прэзідэнцкіх выбараў. Чытаў я шматлікія ўспаміны тагачасных кандыдатаў і падумаў, а я ж таксама сведка тых гістарычных падзеяў, нават непасрэдны ўдзельнік, можна сказаць. Быў я тады малады і вясёлы, а на небе ярка свяціла сонейка…

Прыйшоўшы ў лістападзе 1992 года з войска, я вярнуўся ў зусім іншую, незалежную і маладую краіну — Рэспубліку Беларусь. На будынку Дома Урада лунаў бел-чырвона-белы сцяг, камунізм абваліўся разам з жалезнай заслонай, і ўсяму свету адкрылася terra incognita —краіна пад белымі крыламі. Невядомая, ў тым ліку, і для саміх яе жыхароў.

Эканоміка была ў заняпадзе, шмат хто, як і мая маці, страціў працу. Людзі атрымлівалі мізэрныя заробкі 20—30 даляраў. Кожны выжываў як мог: хтосьці ездзіў у Польшчу, хтосьці наймаўся на працу ў шапікі, што павырасталі на вуліцах нібы грыбы пасля дажджу. Гэта быў цяжкі час, але для мяне асабіста гэта быў час надзеяў і свабоды.

Упершыню я адчуў, што маё жыццё залежыць толькі ад мяне самога і ніхто больш ніколі не будзе ўказваць, дзе і як мне жыць. Вольны як птушка, ляці куды хочаш!

Вядома, для людзей старэйшага веку разбурэнне сістэмы савецкага патэрналізму было асабістай трагедыяй, але толькі не для мяне. Я з вялікім аптымізмам глядзеў у будучыню. Быў малады і бестурботны, усё жыццё наперадзе!

У чэрвені 1994 года мне ішоў дваццаць другі год, за плячыма былі два гады савецкага войска і першы курс юрфаку. Неяк незаўважна для сябе, дзесьці з 1993 года я заангажаваўся ў тагачаснае палітычнае жыццё, хадзіў на мітынгі і сустрэчы з рознымі палітычнымі дзеячамі.

У той час мне падабаўся БНФ, асабліва іх тагачасны лозунг — «БНФ –вяртанне ў Эўропу».

Я слухаў выступы Зянона Пазняка, ягоныя ідэі падаваліся мне блізкімі. На пачатку 90-х з’явіўся свет публікацый на гістарычныя тэмы, пра гісторыю Беларусі, якую не выкладалі ў савецкай школе. Ловячы і асэнсоўваючы гэтыя патокі інфармацыі, я таксама нанова адкрываў для сабе гэтую нябачную дагэтуль краіну.

Прыкладна тады ж я пачаў спрабаваць размаўляць па-беларуску. Памятаю, што мне было цяжка пачаць гаварыць, я саромеўся і доўга падбіраў патрэбныя словы. Людзі па-рознаму рэагавалі на беларускую мову, часта можна было сутыкнуцца і з досыць агрэсіўнай рэакцыяй навакольных, не тое, што цяпер. З другога боку, шмат хто пазітыўна ўспрыняў з’яўленне беларускіх школ і класаў. У цэлым, ніякага напружання ў грамадстве на нацыянальнай глебе я не памятаю. І калі Лукашэнка цяпер кажа, што рускія нібыта сядзелі на чамаданах, дык я з тым абсалютна не згодны. Некаторыя рускія, праўда, з’язджалі — разам з вайсковымі часткамі, якія выводзіліся ў Расію з тэрыторыі былога Краснознамённого Белорусского военного округа.

Карацей, у выбарчую кампанію 1994 года я ўвайшоў са сфарміраванымі нацыянальна-дэмакратычнымі поглядамі. Таму, калі сябры Кастрычніцкай рады Фронту прапанавалі мне дапамагчы ў правядзенні кампаніі па вылучэнні кандыдатам Зянона Пазняка, я пагадзіўся. Адзінае, што нягледзячы на лета, вольнага часу ў мяне было небагата. Лета — добры сезон для таго, каб падзарабіць. Лішнія грошы студэнту не зашкодзяць. У тое лета я працаваў на будоўлі ў бацькавым будаўнічым кааператыве «Рамонак». Мы крылі дахі ў катэджавым пасёлку ў Бараўлянах. Спачатку раскатвалі руберойд, а наверх ужо клалі лісты шыферу. Дарагіх матэрыялаў кшталту металачарапіцы, андуліну тады яшчэ не было. Таму нават «новыя беларусы» крылі дахі новазбудаваных катэджаў звычайным асбестам.

У вольны ж час я, разам з сябрамі мясцовай суполкі Фронту, разносіў па скрынях выбарчыя ўлёткі Пазняка. Таксама ўдзельнічаў і ў агітацыйных пікетах, якія мы рабілі проста ў сябе на раёне, каля ўніверсама.

Бацька зрабіў такі стэнд раскладны, з двух шчытоў. На іх мы прымацавалі прыгожыя агітацыйныя плакаты. Сярод іх быў і мой любімы «БНФ — вяртанне ў Эўропу». На ім былі намаляваныя замкі і рыцары.

Таксама быў плакат «Рок за БНФ», ну і плакаты з уласна партрэтам Зянона Пазняка. Дарэчы, цікава, што ніякіх дазволаў не трэ' было, уведамленняў міліцыі ці выканкаму мы не рабілі. Стаялі сабе ды яшчэ і ўлёткі раздавалі. Тады гэта не было так зарэгулявана.

Людзі на наш пікет рэагавалі па-рознаму. Некаторыя абзывалі паліцаямі, нехта, наадварот, хваліў і падтрымліваў. Вельмі добра людзі ўспрымалі Пазьняка пасля дакументальнага фільма пра яго, які паказвалі па нацыянальным тэлебачанні. Там яго вельмі так па-людску паказалі, матулю ягоную, родную вёску. Людзям кіно спадабалася.

Але пасля выйшаў артыкул аб небяспецы рускага імперыялізму. Многія палічылі яго русафобскім, а Пазьняка — задужа радыкальным нацыяналістам. Артыкул выйшаў у газетах незадоўга да выбараў. Там, як па цяперашніх часах, дык нічога страшнага не было, шмат з тых ацэнак актуальныя і цяпер. Але грамадства «не было гатовае».

А вось што да Лукашэнкі, дык я асабіста яго сур’ёзна зусім не ўспрымаў як кандыдата. Я чуў, вядома, ягоны сіпаты голас падчас трансляцый з Вярхоўнага Савета, але ў твар не памятаў. Больш вядомы ён стаў пасля таго, як узначаліў парламенцкую камісію па барацьбе з карупцыяй. Вынікам дзейнасці гэтай камісіі стала зняццё Станіслава Шушкевіча з пасады старшыні Вярхоўнага Савету, за нібы скрадзеную скрыню цвікоў. На пасаду старшыні прызначылі тады генерала міліцыі Мечыслава Іванавіча Грыба. Але тое было ў 1993.

У 1994 годзе мне запомніліся дзве падзеі, звязаныя з Рыгорычам — гісторыя з фенам, які ён нібыта скраў у нейкай сцюардэсы ў самалёце, ну і Лёзненскі стрэл, вядома. Карацей, скандальны імідж. У асяродку студэнтаў ягоныя манеры і выгляд выклікалі толькі смех. Памятаю, як мае аднакурснікі Ігар Т. і Валодзя М., абодва цяпер высокапастаўленыя чыноўнікі, рагаталі над фразай з адной з газет, якая пісала, што папулізм Лукашэнкі перадаецца так жа хутка, як і пабытовыя пранцы.

Смех смехам, але якое маё было здзіўленне, калі, будучы назіральнікам на выбарчым участку, я ўбачыў народныя масы. Масы масава ішлі галасаваць за гэты цуд. Старыя бабці ў мяне на вачах хрысцілі выбарчыя скрыні, куды кідалі бюлетэні і казалі «Божанька, памажы яму, ён жа за народ змагаецца!». Прычым, некаторыя былі досыць агрэсіўныя, пагражалі камісіі: »Вось Лукашэнка вам усім пакажа!».

Проста як у класіка: «А хто там ідзе? — Беларусы! — А што нясуць? — Сваю крыўду!».

Прычым галасавалі за Лукашэнку не толькі старыя. Я быў вельмі здзіўлены, калі спытаў ў свайго аднакласніка (я назіраў у сваёй былой школе), за каго той аддаў голас. — За нашага! За каго ж яшчэ! – адказаў аднакласнік. — А хто наш? – перапытаў я. Ну, ясна, хто — Лукашэнка, адказаў ён.

Пасля падліку галасоў на маім участку Лукашэнка апярэджваў усіх астатніх з адрывам. У другі тур выйшлі ён і Пазняк.

На суседнім участку, дзе ў камісіі ад Партыі БНФ была мая маці, карціна была такой самай — Лукашэнка і Пазьняк выходзілі ў другі тур.

Пасля выбараў камісіі з двух участкаў сабраліся ў сталоўцы маёй школы, каб адсвяткаваць завяршэнне першага туру. Паклікалі і назіральнікаў. Ніякага антаганізму тады не было. Мы ўсе былі грамадзяне адной краіны, проста хтосьці галасаваў за Шушкевіча, хтосьці за Кебіча, а хтосьці — за Пазняка.

На стале стаялі пляшкі з гарэлкай «Зверь» і закуска. Мы выпілі, закусілі. Маці, вядома ж, пачала знаёміць мяне з маладзенькай настаўніцай, што была з ёй разам у камісіі.

Ну, і за каго вы галасавалі? — пацікавіўся я ў настаўніцы. — За Лукашэнку, — адказала яна.

Ну, у другім туры ён Пазняку прайграе, — спецыяльна адказаў я. — Пабачым, — пасміхаючыся, адказала настаўніца.

Была ўжо ноч, і да нас далучыліся міліцыянты, што ахоўвалі будынкі школаў. Як цяпер памятаю, смуглявы такі палешучок-сяржанцік і маёр. Абодва з Кастрычніцкага РУУСа. Выпілі з імі, пагаманілі. Памятаю, сяржанцік той, аднагодка мой прыкладна, размаўляючы з моцным беларускім акцэнтам, спрабаваў давесці мне, што ніякай Беларусі раней не было. Вось жа халера, —думаў я, і хто гэта ім у галовы такое пазапіхваў. А маёр той нічога, пра Пагоню і Княства Літоўскае разважаў.

З абодвума мне, дарэчы, пазней прыйшлося сутыкнуцца. У 1997, праз тры гады. Мяне затрымалі на маладафронтаўскай акцыі ў сакавіку і даставілі ў Кастрычніцкі РУУС, да таго самага маёра. Ён сарамліва апусціў вочы…. А той сяржанцік смуглявенькі мяне на Акрэсціна этапаваў. Таксама мяне пазнаў, але вочы не апускаў, наадварот, нейкая бравада ў ім была. Першы раз тады мяне на пяць сутак аформілі. Але гэта ўжо іншая, як кажуць, гісторыя.

Дык вось, пайшоў я да хаты ахмялелы і супакоены. Ну нічога, другі тур усё на свае месцы расставіць. Які ж я быў збянтэжаны, калі зрання даведаўся, што ў другі тур выйшлі… Лукашэнка і Кебіч! Ды як так? У мяне ж на ўчастку лічылі пры мне, усё было добра, правільна. Пазняк выйшаў і на суседнім таксама! Ну ладна, пажывём і з гэтым пяць гадоў, потым пераабяром, ну што здарыцца за гэты час? Да будзем жыць, як жылі, — супакойваў сабе я.

На другі тур я ўжо не хадзіў. Так я за Рыгорыча ніводнага разу і не прагаласаваў.

Каментары29

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам28

Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі наведаў кніжны кірмаш і купіў кнігу «Забіць тырана»1

IT-мільянер Гурскі: Прафесія будучыні — шаманы промпту8

Ніну Багінскую вызвалілі без пакарання, крымінальную справу закрылі8

«Гэта як ВІЧ у людзей». Беларуска выратавала бяздомнага ката і спрабуе вылечыць яго ў Польшчы ад цяжкай хваробы5

У абыход санкцый. «Белавія» рыхтуецца лётаць на самалётах Airbus1

Франак Вячорка пра пашпарт новай Беларусі: Пашпартны цэнтр будзе раскіданы па розных краінах. А пры Кавалеўскім праект не рухаўся38

У цэнтры Гродна вырас ананас3

У Заслаўі да Дажынак зачышчаюць гістарычную забудову, якую бралася ахоўваць дзяржава8

Былога кіраўніка «фабрыкі троляў» Прыгожына ў Расіі прысудзілі да 10 гадоў калоніі строгага рэжыму

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам28

Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць