Джыні і Аладзін у мультфільме 90-х

Джыні і Аладзін у мультфільме 90-х

Студыя Disney вернецца да свету «Аладзіна» — класічнага мультфільма 1992 года. Да «Аладзіна» здымуць прыквэл з жывымі акцёрамі, паведамляе The Hollywood Reporter. Фільм распавядзе пра свет джынаў і пакажа, як Джыні аказаўся заточаным у лямпу.

Сцэнар да камедыі «Джыны» напішуць Дэміен Шэнан і Марк Свіфт, вядомыя па жахаўках «Пятніца 13-га» і «Фрэдзі супраць Джэйсана», прадзюсарам стане Трып Вінсан, апошняя работа якога — фільм-катастрофа «Разлом Сан-Андрэас».

Цяжка сказаць, ці атрымаецца ў такой суворай каманды сямейная камедыя.

Джыні з арыгінальнага «Аладзіна» агучваў памерлы ў жніўні 2014 г. Робін Уільямс. Хто зойме яго месца, не паведамляецца. Невядома і тое, ці будуць джыны ў фільме цалкам намаляваныя з дапамогай камп’ютарнай графікі, ці прынамсі часткова іх ролі выканаюць жывыя акцёры.

Студыя Disney сёлета актыўна перазапускае сваю класіку: ужо анансаваныя новыя «Віні-Пух», «Гісторыі качак», «Дамба», «Мулан», «Пінокіа» і іншыя.

***

«Аладзін» — мультфільм 1992 года па матывах казак «1001 ночы». Адзін з самых паспяховых мультфільмаў «Дыснэя», уладальнік «Оскараў» за найлепшую песню і найлепшы саўндтрэк. Пры бюджэце ў 28 млн даляраў сабраў у пракаце больш за паўмільярда. Атрымаў два мультыплікацыйных сіквэлы ў 1994 і 1996 гадах, мультсерыял, шэраг коміксаў і гульняў па матывах і брадвейскі мюзікл.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?