Кампанія Lexus у чэрвені анансавала лятучы скейтборд — магнітны хаверборд Slide. Тады многія палічылі гэта жартам, бо кампанія прэзентавала толькі кароткае відэа і ніякіх тэхнічных падрабязнасцей. Нядаўна так (і нават больш рэалістычна) ужо жартавалі.

Цяпер на канале Lexus на Youtube з’явілася новае відэа з удзелам скейтбардыста Роса Макгурана, у якім хаверборд паказваецца значна даўжэй. Заходнія СМІ адзначаюць, што цяпер гэта не падобна да жартаў.

Праўда, дакладны механізм працы лятучага скейтборда невядомы. На сайце Lexus сцвярджаецца, што ён працуе на магнітнай падушцы і можа лётаць толькі над спецыяльнай металічнай паверхняй. Дым, што сыходзіць з-пад дошкі — вадкі азот, што ахалоджвае звышправаднікі і магніты.

У тэорыі, гучыць рэалістычна, але наколькі такі механізм магчымы на практыцы і ці здолее ён падняць чалавека — цяжка сказаць. Па падобным, хай і не зусім такім прынцыпе дзейнічаюць цягнікі-маглевы ды прататып хаверборда каліфарнійскай кампаніі Hendo, на які нядаўна сабралі паўмільёна даляраў. Крыніцы Gizmodo сцвярджаюць, што над праектам Lexus насамрэч працавалі паўтара года ў Германіі і Брытаніі, а цяпер ён праходзіць тэсты на адмысловым трэку ў Барселоне.

Пакуль Lexus не раскрывае даты выпуску, меркаваныя цэны і іншыя падрабязнасці пра хаверборд. Тым не меней, гісторыя Slide усё больш падобная да праўды. Да таго ж, 2015-ы год ужо надышоў, а класічны фільм «Назад у будучыню-2» абяцаў нам сёлета лятучыя скейты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?