«Я стаміўся, я сыходжу»… 20 лютага Алесь Мухін пакінуў крэсла кіраўніка беларускае філіі «Эўрасеткі» ў сувязі з пераходам на новае месца працы.

Цяпер Алесь накіруе сваю энергію ў сферу гандлю і паслуг, не звязаную з сотавым рытэйлам.

З 21 лютага генеральным дырэктарам ЗААТ «БелЭўрасетка» стаў Кастусь Казянкоў, нядаўні намеснік Мухіна, а кіраўнічым дырэктарам прызначаны Раман Кананыхін, які да гэтага займаў пасаду камерцыйнага дырэктара.

Сёння ў кампаніі падводзяць вынікі працы ранейшага кіраўніка: «За два з паловай гады пад кіраўніцтвам А. Мухіна філія «Эўрасеткі» ў Беларусі дасягнула значных вынікаў – працэсы запуску сеткі, яе развіцця і аптымізацыі на сёння завершаныя. Адны мэнэджэры падтрымліваюць высокія тэмпы развіцця, другія працуюць над камерцыйнай эфектыўнасцю бізнэсу».

Асноўная задача, якую канечне вырашаць цяпер – падвышэнне эфектыўнасці і прыбытковасці. У кампаніі спадзяюцца, што «ўсе працэсы аптымізацыі бізнэсу «Эўрасеткі» ў Беларусі і кадравыя змяненні будуць спрыяць вырашэнню гэтай задачы».

У руля беларускае філіі вядомага расейскага рытэйлера А. Мухін устаў разам з з'яўленнем кампаніі на беларускім рынку і спачатку выношваў шмат планаў: збіраўся будаваць мясцовы рынак рытэйлу, рабіць з кампаніі лідэра. Першы салон «Эўрасетка» адкрыла ў верасні 2005-га. У траўні 2007-га лічбу гандлёвых пунктаў давялі да круглых 100. Аднак ужо ў чэрвені-ліпені некалькі салонаў былі зачыненыя.

Толькі праз паўтара-два гады пасля пачатку працы ў Беларусі кампанія стала выказваць здагадкі наконт магчымага сыходу – ужо дужа рынак неэфектыўны. Высокія падаткі і вялікая доля «шэрага» імпарту пазбаўляюць тутэйшы бізнэс рэнтабельнасці.

Старшыня рады дырэктараў «Эўрасеткі» Яўген Чычваркін у ліпені мінулага года заявіў, што кампанія неўзабаве можа прыняць рашэнне пакінуць Беларусь – «падаткі там выраслі на 10 %, і мы ўжо рухаемся да стратаў».

Канчатковае рашэнне, быць ці не быць тут «Эўрасеткі», кампанія павінна прыняць сёлета.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0