Прэтэндэнтка на пасаду прэзідэнта Беларусі Ірына Першына, якая падала ў ЦВК дакументы на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы, не будзе рабіць ніякіх заяваў для прэсы. Пра гэта паведаміла БелаПАН кіраўнік яе ініцыятыўнай групы Марыя Храмцова — дырэктар студыі Imagemaker.
«Таму што Ірына — проста выканаўца ролі па дамове прадзюсіравання, яна была адабраная па рудым колеры валасоў», — патлумачыла Храмцова.
фота са старонкі Храмцовай у фэйсбуку
Паводле яе слоў, у ініцыятыўную групу Першынай ўвайшлі 100 чалавек. Храмцова запэўнівае, што каманда Першынай гатовая ісці да канца і кандыдатуру здымаць не плануе. «Ключавыя пункты нашай перадвыбарнай кампаніі — стварыць у Беларусі электронны ўрад, зрабіць Мінск транспартнай сталіцай свету, а таксама ўвесці бязвізавы рэжым для ўсіх жадаючых наведаць нашу краіну», — паведаміла Храмцова.
На яе думку, у Ірыны Першынай канкурэнтаў на выбарах няма. «Мы прапануем цалкам новыя ідэі. Калі будзе створаны электронны ўрад, стане няважна, хто будзе прэзідэнтам, а хто — прэм'ер-міністрам. Гэтыя пасады наогул больш не спатрэбяцца», — лічыць кіраўніца ініцыятыўнай групы прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта.
Марыя Храмцова адмаўляе, што каманда Першынай выкарыстоўвае перадвыбарчую кампанію, каб прарэкламаваць студыю Imagemaker. «Наша мэта — цалкам змяніць лад дзяржаўнага апарату ў Беларусі, і мы гатовыя ісці да канца. Здымаць кандыдатуру я лічу некарэктным у адносінах да выбаршчыкаў», — заявіла Храмцова.
Яна таксама паведаміла, што ініцыятыўная група не плануе збіраць подпісы «стандартным чынам». «У нас не будзе ніякіх плакатаў і пікетаў. Мы адправім па электроннай пошце фармуляры патэнцыйным выбаршчыкам. Яны самі павінны будуць запоўніць паперы і вярнуць нам, каб мы падалі іх у Цэнтрвыбаркам», — сказала Храмцова.
Паводле яе слоў, Першына не крыўдзіцца, што ў інтэрнэце яе называюць «кандыдатам-фрыкам». «Па сутнасці, гэта так і ёсць, — кажа Марыя Храмцова. — Мы ж не ставім сабе канкрэтныя палітычныя мэты».
Як паведамлялася раней, дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Ірыны Першынай паступілі ў Цэнтрвыбаркам ўвечары 16 ліпеня. Пра асобу Першынай невядома нічога, акрамя таго, што яна спецыяліст па рэкламе.