Аляксандр Лукашэнка не падтрымаў прапанову аб стварэнні адзінай камвольна-суконнай вытворчасці. Аб гэтым ён заявіў сёння на нарадзе, прысвечанай разгляду ходу мадэрнізацыі ААТ «Камволь».

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што не адзін раз звяртаўся да пытанняў дзейнасці прадпрыемстваў «Камволь» і «Сукно», быў на гэтых прадпрыемствах. «Тады мы прымалі канкрэтныя рашэнні. Былі вызначаны адказныя людзі за выкананне рашэнняў», - сказаў кіраўнік дзяржавы. Лукашэнка пацікавіўся ў прысутных на нарадзе, як выконваюцца яго даручэнні.

Кіраўніку дзяржавы паведамлена аб ходзе мадэрнізацыі «Камволь». У прыватнасці, на прадпрыемстве зманціравана і працуе частка абсталявання. У той жа час, паводле інфармацыі кантралюючых органаў, тэрміны мадэрнізацыі зацягваюцца, павялічваецца кошт будаўніча-мантажных работ. Прэзідэнт даў строгае даручэнне прытрымлівацца першапачаткова вызначаных тэрмінаў, а таксама прарэвізаваць кошт.

Ён запатрабаваў не толькі захаваць абодва прадпрыемствы, але і рабочыя месцы на іх, эфектыўна правесці мадэрнізацыю, каб прадпрыемства было канкурэнтаздольным у доўгатэрміновым перыядзе.

Аляксандр Лукашэнка мае намер у канцы верасня наведаць «Камволь», каб асабіста пракантраляваць як завяршаецца мадэрнізацыя, а ў канцы года пабываць тут яшчэ раз, каб па выніках выканання мадэрнізацыі яшчэ раз вярнуцца да пытання аб аб'яднанні «Камволь» і «Сукно».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?